Труба
У даўнія часы жыў-быў на Віцебшчыне асілак Уладзя. Старэйшыя браты дубы з каранямі выварочвалі, валуны перакочвалі. А Уладзя кароў пасвіў. І не таму, што яму не пашанцавала. Проста ён вельмі любіў малако, прыроду і адзіноту.
Многія нават смяяліся з Уладзі. Але ён не зважаў на кпіны, бо быў асілкам, незалежным ад чужых меркаванняў. Шмат назіраў, шмат думаў і любіў паслухаць, як граюць музыкі на розных інструментах. І самому часам хацелася сыграць, але ніяк не мог вырашыць, які інструмент абраць.
Аднойчы прысніў ён незвычайны сон: зайграў першы раз на доўгім-доўгім інструменце – і вясна прыйшла. А зайграў другі раз – восень наступіла. Прачнуўся Уладзя здзіўлены. Падумаў-меркаваў і зразумеў, што гэта знак яго мару спраўджваць.
Знайшоў каля пашы рабіну і выразаў з яе трубу, дакладна такую ж, як у сне пабачыў. Затрубіў – і пачаліся сапраўдныя дзівосы.
Пачуўшы трубу, каровы адразу ж збіраліся разам, каб ісці на лепшае месца. Гаспадыні зранку чулі, што кароў трэба на пашу гнаць, а ўдзень – ісці іх даіць. Увечары Уладзя грае – і самому весела. А ўначы ваўкі трубы палохаюцца.
Дзівосы то дзівосы, а яны значна лягчэйшым жыццё зрабілі. Але што значыў сон Уладзі? А тое, што паступова труба не толькі кароў і іх гаспадароў стала гукаць, але і вясну, і восень. Калі гукалі вясну, гралі на трубе і падкідалі ўгару выпечаных з цеста жаўрукоў. А ў дзень прыходу восені адбываліся спаборніцтвы ўсіх трубачоў-музыкаў.
Палохаліся паны, калі граў на трубе Уладзя. А як затрубіць для добрых людзей – усё ідзе на лад.
Трубой
Сустракаюць вясну
І восень
Праводзяць.
А ранкам
З трубой не да сну –
Кароваў
На пашу выводзяць.
Пастух без яе –
Не пастух.
Пастух без яе –
Не творца.
Затрубіць –
І зойме дух,
Душу ён падорыць
Зорцы.
Трубу вырабляюць
З кары
Алешыны, ліпы,
Рабіны.
Хай нашага лесу
Дары
На музыку йдуць, –
Не драбіны.
Труба ў беларусаў – найбольш доўгі музычны інструмент, ад аднаго да двух з паловаю метраў.
Як вы мяркуеце, ці магла выкарыстоўвацца труба ў вайсковай справе?