«Дабрадзей для ўсіх дзяцей» Уладзімір Ліпскі
11. ЮНІ-ЮНІ ЎЦІХАМІРВАЕ ЗВЯРОЎ
А тым часам у Зялёнай Дуброве неспа-дзеўкі адбылася спрэчка, якая закончылася бойкай. I што дзіўна, усё ўсчалося на ўроку ў лясной школе, на якім вывучалі апошнюю літару алфавіта.
НастаўнікЗубр папрасіў:
— Дайце знак, хто ў нас на літару «я». На камень ускочыла Яшчарка, вільнула
хвастом. На верхавіне дуба паправіў крылы Ястраб. А на зялёную паляну выбег у чарна-бурцы пухнаты Янот і пачаў віляць хвастом, выхваляцца:
— Я — Янот, самы прыгожы ў нашым лесе. Самы разумны. Самы акуратны. Самы дружа-любны…
Пахвальбу Янота першай не вытрымала Ліса:
— Што ты ўсё якаеш?.. Калі такі добры, то чаму ж пасяліўся ў маёй нары?
3 травы кракнулі качкі: — А ён падкраўся да нашых гнёздаў і паеў яйкі.
— Ды ён не Янот, а сабака! — злосна вымавіў Воўк.
— Сам ты сабачай пароды, — агрызнуўся Янот. — Я-я-я… У-у-х!.. — Воўк хацеў нешта сказаць абразлівае, але толькі выскаліў зубы. — Мая літара»я», а тваю літару, Воўк, мы даўно прайшлі і забыліся, — нахабна праскавытаў Янот.
Вось тут і «заварылася каша».
Воўк з ваўчанятамі падбеглі да Янота з яноцікамі. Пачалі адзін аднаго калашмаціць, кусаць, драпаць, абзываць. У бойку ўмяшаліся Ліса з лісянятамі, Рысь з рысянятамі, Барсук з барсу-чанятамі, Выдра з выдранятамі.
Нават Зубр сваім магутным голасам не мог спыніць вайну паміж звярамі. Тады ён і выклікаў па касмічным мабільніку дабрадзея Юні-Юні.
Калі на лясной паляне з’явіўся Юні-Юні, на неба з-за аблачын весела вызірнула Сонца. Яно агарнула ўсіх сваімі мірнымі промнямі. А тут і Юні-Юні падкінуў прапанову:
— Давайце, сябры, разам пашукаем кансенсус.
Усе сцішыліся, нават тыя, хто распачаў бойку.
Кожнаму хацелася ведаць, што карыснае могуць яны знайсці.
— А патлумачце, Юні-Юні, ці смачны той кансенсус? -зацікавіўся Русы Зай.
— Кансенсус — гэта пошук агульнай думкі, правіль-нага рашэння метадам абмеркавання, дыскусій, разумных прапаноў. Пры яго пошуку нельга прымяняць сілу, зброю, кулакі, — распавёў Юні-Юні.
— Кансенсус вельмі патрэбны людзям, бо калі яго знаходзяць тыя, хто спрачаецца, то наступае агульная згода. Давайце памяркуем, хто правы, хто вінаваты ў вашай завірусе, і без кіпцюроў, без грызні дасягнем разумения і агульнай згоды.
Памяркоўная развага Юні-Юні прынесла супакой у Зялёную Дуброву. Зацішшам зноў пакарыстаўся Юні-Юні.
— Сябры, вы, здаецца, зразумелі, што такое кансенсус. А цяпер давайце звернемся да нашай Канвенцыі і паглядзім, ці правільна вы паводзілі сябетолькі што.
— А чаму ён пачаў якаць? — злосна буркнуў Воўк і скасавурыўся на Янота.
— Усе спрэчкі і непаразуменні трэба вырашыць спакойна, без злосці і бойкі, — сказаў Юні-Юні. — А са-мае галоўнае — не ўцягваць у гэтыя справы бязвінных дзяцей, як гэта здарылася на вашым уроку. Дысцыплі-на ў школе — найпершы абавязак. Дзеці не павінны знявагу да сябе.
— Хто іх зняважыў? — вінавата агрызнуўся Янот.
— Ды давайце ж паслухаем Юні-Юні, які спецыяльна прыляцеў да нас, — супакоіў Зубр лясную брацію.
— Я вось што хацеў сказаць вам, — прадоўжыў сваю прамову Юні-Юні. — У артыкуле трыццаць восьмым Канвенцыі абвешчана, каб дзеці ніколі і нідзе не прымалі ўдзелу ў ваенных дзеях. А на вашай паляне што ўсчалося? Чаму дзяцей уцягнулі ў канфлікт? Бачыце, з-за вас, дарослых, сярод іх ёсць параненыя, скалечаныя. Тэрмінова выклікаем доктара.
Калі ў Зялёнай Дуброве ўсталяваўся мір і быў дасягнуты кансенсус, пачалося гулянне. Спявалі, танцавалі, хто як умеў. Пад дырыжорствам Салаўя дзеці ляснога царства — пярнатыя і рагатыя, клыкатыя і кіпцюрастыя, вушастыя і лупаценькія, дзюбастыя і капытныя — развучвалі новую песню. Даспадобы ўсім былі словы прыпеву: Ах, што робіцца на свеце! 3 самай юнае пары Не дарослыя, а дзеці На зямлі — гаспадары…
Працяг у наступным нумары. Малюнкі Марысі Лось