Міхась Даніленка «Два чмелікі»
Два чмелікі
Лёнік на кухні складваў на стале кубікі. І раптам убачыў між шыбін на акне маленькага чмеліка. Той, бедалага, бездапаможна біўся крыльцамі ды, стомлены, поўзаў па шкле. Калі Лёнік летам гасціў у дзядулі ў вёсцы, дык той распавядаў унуку пра пчол і такіх вось бухматых працаўнічкоў.
– Вельмі ж карысныя яны, Леанід, – казаў дзед. – Хабатком здабываюць нектар у такія кветкі, якія і пчолы не змогуць апыліць. Для цяпліцы дык нават купляюць за мяжой гэтых непаседаў.
Між тым, чмель біўся аб раму, але выбрацца праз расчыненую фортку, вядома, не мог. Як толькі Лёнік адвярнуўся, дык убачыў яшчэ аднаго. Цяпер абодва небаракі з жоўтымі “качалачкамі” кветкавага пылку поўзалі па шыбах і трывожна гудзелі. “І як яны забраліся, дурненькія, аж на дзявяты паверх?” – здзівіўся малы. Калі б дома быў бацька, то б даў рады ім. А тут – што зробіш?
Леанід пад умывальнікам са скрынкі з розным начыннем дастаў пласкагубцы, малаток. Асцярожна выцягнуў цвічок, на якім мацавалася струна для занавескі. Падставіў зэдлік і адчыніў палову акна. Анучкай асцярожна злавіў аднаго, потым другога чмеліка. Высунуў руку ў фортку. Чмялі быццам расталі ў чыстым густым паветры.
– Ляціце! Кветак у двары на клумбах шмат. Вунь унізе якраз і ліпа адцвітае. Раскажу калі-небудзь дзядулю, як ратаваў гэтых неразумных малых, – забіваючы цвік з нацягнутай струной для фіранкі, вырашыў Лёнік. Ды потым падумаў і ўголас сказаў: – “Не, не скажу. Няхай дзед не думае, што я – хвалько…
Рэдакцыя часопіса “Вясёлка” віншуе свайго даўняга сябра, лаўрэата прэміі Васіля Віткі, Міхася Даніленку з пачэсным 90-гадовым юбілеем.