«Няхай ззяе “Вясёлка” Алена Масла
Тэатр Васі Вясёлкіна
Алена Масла
Няхай ззяе “Вясёлка”
П’еса-казка
Дзейныя асобы:
Светлячок; Фарбы (Чырвоная, Аранжавая, Жоўтая, Зялёная, Блакітная, Сіняя, Фіялетавая); Злосная Чараўніца; Супрацоўніца рэдакцыі часопіса “Вясёлка”.
Лясная паляна. Вакол дрэва са словамі “Я – самая прыгожая” паасобку кружацца Фарбы. Кожная з іх відавочна злуе, калі чуе ад суседкі: “Я – самая прыгожая”. Яны пачынаюць сварыцца, задзірацца і, урэшце, падаюць адзін на аднаго ў гульні “кучу мала”. З-за дрэў выбягае Злосная Чараўніца і, накінуўшы на фарбы вялізны чорны мех, знікае.
Імкліва цямнее. Па палянцы брыдзе Светлячок з ліхтарыкам.
Светлячок. Як цёмна ў нашым Лесе! Раней ноч была ноччу, дзень – днём. Уначы светлячкі працавалі, а днём можна было адпачыць. А цяпер няма калі вачэй змружыць – гэтай жудаснай цемры стала ў некалькі разоў больш. Што такое здарылася?
Спатыкнуўся аб чорны мех, з якога чуюцца ўсхліпы.
(Спалохана). Хто тут?
Жоўтая. Гэта мы вінаватыя ў тым, што ў нашым Лесе так цёмна!
(Голасна рыдаюць.)
Светлячок. Ціха вы, не галасіце! Раскажыце, што здарылася?
Жоўтая. Мы паверылі Злой Чараўніцы!
Зялёная. Яна з’явілася ў нашым Лесе і абвясціла, што хоча выбраць найпрыгажэйшую фарбу!
Блакітная. І каранаваць яе на першую красуню!
Сіняя. І раптам кожнай з нас захацелася звацца самай-самай!
Фіялетавая. І тады мы сталі пэцкаць адна адну, каб нашкодзіць. І вось вынік – ператварыліся ў чорную пляму!
Светлячок. Ай-яй-яй! Што ж цяпер будзе! Трэба тэрмінова тэлефанаваць у рэдакцыю майго любімага часопіса для дзяцей “Вясёлка”. Там працуюць добрыя шчырыя людзі. Яны павінны ведаць, як ратаваць фарбы. Ды і Лес таксама! (Тэлефануе праз мабільны.) Алё, алё, рэдакцыя? Гэта Светлячок гаворыць!
Голас. Так, так, дзень добры!
Светлячок. Ой, як жа хораша, што ў вас там добры дзень! А ў нашым Лесе пануе ноч, цемра – хоць вока выкалі! І ўсё з-за таго, што Фарбы паспрачаліся, хто з іх найпрыгажэйшая, пабіліся і сталі чорнай плямай! Можа, вы ведаеце, як даць рады гэтай бядзе?
Голас. Каб стаць ранейшымі і вярнуць святло Лесу, фарбам трэба перастаць злаваць і супернічаць – ад гэтага чарнаты толькі большае! Ім трэба навучыцца выпраменьваць святло! Гэта разгоніць цемру!
Чырвоная. Здаецца, я разумею! Так сорамна, што з-за мяне ў Лесе зніклі чырвоныя суніцы, а ў божых каровак сукенкі з чырвоных зрабіліся ў чорныя… Хачу вярнуць Лесу былую красу!
З-пад чорнай тканіны з’яўляецца Чырвоная Фарба, у руках яна трымае паветраны шар з літарай “В”.
Аранжавая. А я хачу, каб у нашым Лесе раслі апельсіны і мандарыны!
У Аранжавай фарбы на аранжавым шары напісана літара “Я”. Так па чарзе з-пад тканіны вызваляюцца ўсе фарбы, у кожнай – паветраны шар адпаведнага ёй колеру, літары складаюць слова ВЯСЁЛКА.
Жоўтая. Хачу, каб свяціла яркае сонейка!
Зялёная. Хачу, каб дрэвы і трава зноў былі зялёнымі!
Блакітная. Няхай неба стане блакітным!
Сіняя. Валошкі і званочкі – сінімі!
Фіялетавая. Няхай фіялеціцца ўсё, што не можа зелянець, жаўцець, чырванець, сінець, аранжавець, а таксама блакіціцца!
Вызваліўшыся з меха, фарбы ствараюць ВЯСЁЛКУ.
Разам. Няхай ззяе ВЯСЁЛКА!