Святлана Ярашэвіч «Буська»
Святлана Ярашэвіч
Буська
Гарэза-ветрык меў лагодны настрой. Лёгка і пяшчотна дакранаўся ён да травіцы, нібы прыгладжваў яе кудлатыя пасмачкі. Чорны кучаравы баранчык, выбрыкваючы заднімі ножкамі, скакаў па лузе ад купіны да купіны. Маленькі лобік Буські ўпрыгожвалі два рожкі. Калі па праўдзе, то гэта былі і не рожкі зусім, а бугаркі, але ягняці здавалася, быццам яны, як у дарослых бараноў.
– Вось вырасту і стану, як тата! – пераскочыўшы праз рамонак, усклікнуў Буська. Ён хацеў зрабіць яшчэ сальта-мартале, аднак нейкая доўгая павуцінка, якая з кожным імгненнем рабілася даўжэйшай, прыцягнула яго ўвагу. Нехта гэтую павуцінку прыляпіў да калматага хваста старой авечкі Долі. «Вой! Вой! Я-я-як смешна!» – падумаў Буська. Маленькая павуцінка калыхалася ад ветру, зіхацела, змяняючы адценні, жвава перабірала ножкамі, усё далей адцягвала цудоўную нітачку.
– Х-х-хто ты, Зіхоткая Кропелька? – здзіўлена запытаў Буська.
Блішчынка, не спыняючы працы, ціхенька адказала:
– Павучок!
– Павук?! Вой, як цікава! – усклікнуў Буська.– Спадар Павук, а што гэта вы робіце?
– Павуціну.
– А навошта яна вам?
– Каб лятаць!
– Каб лятаць? – здзівіўся Буська. – Як гэта?
Баранчык быў хоць і маленькі, але ведаў, што павуцінай ловяць мух і іншых казюлек, а тут – лятаць! Ці ж гэта магчыма?
– А вось як! – адказаў павучок і перакусіў павуцінку.
Ветрык падхапіў «лётчыка» разам з яго «самалётам» і панёс! Узняў так высока, аж перахапіла дыханне. А шаноўны павучок-блішчынка гойсаў уздоўж павуцінкі і махаў Бусьцы чатырма лапкамі, астатнімі трымаўся за амаль празрыстую ліпкую нітачку-павуцінку, каб не зваліцца.
– Да пабачэння-я-я-я-я, баранчык! Да сустрэчы-ы-ы-ы!
– Бе-бе-бе-ражы-ы-ы-ы сябе, Павучок!
Усё далей адлятала павуцінка, пакуль зусім не знікла за кустамі бэзу, што раслі ля ракі. Буська засмучана ўздыхнуў.
Толькі старая Долі нічога не прыкмеціла. Можа, таму, што была старая, а можа, таму, што не ўмела бачыць цікавае.
– Але ж павучок сказаў: «Да сустрэчы!» Гэта значыць, што ён прыляціць зноў! – уголас падумаў Буська і ад радасці падскочыў вышэй, чым заўжды. – Калі чагосьці вельмі хочаш, яно абавязкова здзейсніцца!
– Б-е-е-е-зумоўна! – адказала Долі, калі пачула апошнія словы баранчыка. Яна мела на ўвазе смачнае цёплае пітво з кавалачкамі хлеба, якім гаспадар штовечар яе частаваў. Буська ўсміхнуўся, таму што сустрэча з павучком падалася яму больш цікавай, чым звычайная ежа.
Прыемна было б, калі б чытачы пракаментавалі маю казачку…
Svetlana, you are amazing super writer! Thanks !<3