Урок 5. Гісторыя выдання
Як вядома, гiсторыю складае само жыццё. Вось i ў часопiса «Вясёлка» за больш чым 50-гадовы летапiс яго iснавання склалася цiкавае, багатае на разнастайныя падзеi жыццё.
Яшчэ ў пачатку ХХ ст. у Беларусi не было часопiса для дзяцей.
Першую спробу стварыць яго зрабiла паэтэса Цётка. У 1914 годзе яна пачала выдаваць «Лучынку», у якой свае творы друкавалi Янка Купала, Якуб Колас, Змiтрок Бядуля, Канстанцыя Буйло, Цiшка Гартны.
Часопiс праiснаваў нядоўга, выйшла ўсяго шэсць нумароў. У першыя гады Савецкай улады стаў выходзiць часопiс «Зоркi» пад рэдакцыяй Змiтрака Бядулi. Але ў той цяжкi час у краiне не хапала паперы, i часопiс мусiў спынiць сваё iснаванне на дзясятым нумары.
Толькi ў красавіку 1957 года да самых маленькiх прыйшла «Вясёлка». Усе вядомыя пiсьменнiкi нашай краiны за гэты час пабывалi на яе старонках. Кожны лiчыць сваiм пачэсным абавязкам напiсаць твор для дзяцей, выказаць iм свае найлепшыя пачуццi, укласцi часцiнку сваёй душы ў наш агульны клопат аб дзецях, аб будучынi нашага народа.
Высокую планку творчасцi «Вясёлка» ўзяла з першых крокаў. Яе вiтаў сам Янка Маўр. (Тут настаўнiк можа зачытаць «Пажаданне нашаму часопiсу», змешчанае ў першым нумары «Вясёлкi»: Дарагiя маленькiя сябры! Вось i да вас прыйшоў новы часопiс. Знаёмцеся з iм, чытайце i перачытвайце, сябруйце з iм – i вы ўбачыце, што ён можа быць вашым добрым, цiкавым i вясёлым таварышам. Калi вы з iм пасябруеце, то неўзабаве адчуеце, што вам лягчэй стала вучыцца. А як зацiкавiцеся яшчэ другiмi кнiгамi, дык пяцёркi так i пасыплюцца ў вашы сумкi. Гэта я добра ведаю сам па сабе. Янка Маўр.)
Галоўныя рэдактары «Вясёлкі»
Васіль Вітка (Цімох Васільевіч Крысько)
Нарадзіўся 16 мая 1911 года ў вёсцы Еўлічы Слуцкага раёна Мінскай вобласці. Пасля заканчэння Слуцкай прафтэхшколы ў 1928 годзе працаваў слесарам на Бабруйскім дрэваапрацоўчым камбінаце. Потым у рэдакцыях газет «Ударнік», «Чырвоная змена», «Літаратура і мастацтва». З пачатку Вялікай Айчыннай вайны – у рэдакцыі газеты «Савецкая Беларусь». Супрацоўнічаў у сатырычных часопісах «Партызанская дубінка» і «Раздавім фашысцкую гадзіну». З дня ўтварэння часопіса «Беларусь» (студзень 1944 г.) працаваў яго адказным сакратаром. З 1951 г. – галоўны рэдактар газеты «Літаратура і мастацтва». У 1957 – 1974 гг. – галоўны рэдактар часопіса «Вясёлка».Друкавацца пачаў у 1928 г. Першы зборнік вершаў «Гартаванне» выдадзены ў 1944 г. Для дзяцей выдаў кніжкі паэзіі і вершаваных казак «Вавёрчына гора» (1948), «Буслінае лета» (1958), «Казка пра цара Зубра» (1960), «Азбука Васі Вясёлкіна» (1965, 1971), «Хто памагае сонцу» (1975), «Казкі і краскі» (1984), «Госці» (1984), «Загадка пра зярнятка» (1984) і інш.
Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі (1972) за кнігі «Беларуская калыханка», «Казкі» і «Чытанка–маляванка». У 1978 г. узнагароджаны ганаровым дыпломам Міжнароднага журы па прэміях імя Х. К. Андэрсена з занясеннем прозвішча пісьменніка ў Ганаровы спіс дацкага казачніка.
Еўдакія Якаўлеўна Лось
Нарадзілася 1 сакавіка 1929 г. у вёсцы Старына Ушацкага раёна Віцебскай вобласці. У 1948 г. скончыла Глыбоцкае педвучылішча, у 1955 г. – філалагічны факультэт Мінскага педагагічнага інстытута імя М. Горкага. Працавала літаратурным работнікам у рэдакцыях газет «Чырвоная змена», «Зорька». У 1960 г. скончыла Вышэйшыя літаратурныя курсы ў Маскве. У 1974 – 1976 гг. – галоўны рэдактар часопіса «Вясёлка».Выступіла ў друку ў 1948 г. Для дзяцей выйшлі кніжкі вершаў «Абутая елачка» (1961), «Казка пра ласку» (1963), «Вяселікі» (1964), «Зайчык– выхваляйчык» (1970), «Дванаццаць загадак» (1974), «Смачныя літары» (1978).
Узнагароджана ордэнам «Знак Пашаны» і медалём.
Анатоль Сямёнавіч Грачанікаў
Нарадзіўся 8 верасня 1938 г. у вёсцы Шарпілаўка Гомельскай вобласці. Пасля заканчэння ў 1960 г. Гомельскага інстытута інжынераў чыгуначнага транспарту працаваў на Гомельскім рамонтна-механічным заводзе. У 1969 г. скончыў Вышэйшыя літаратурныя курсы ў Маскве. У 1976 – 1978 гг. – галоўны рэдактар часопіса «Вясёлка». Упершыню выступіў у друку ў 1957 г. Выдаў кніжкі для дзяцей «Казка пра Івана– ганчара і пачвару цара» (1980), «Валерка і лятаючая талерка» (1983), «Жывая вада» (1985), «Зорны палёт» (1988).
Лаўрэат прэміі Ленінскага камсамола за зборнік вершаў «Грыбная пара» і Дзяржаўнай прэміі Беларусі (1984) за кнігі вершаў «Палессе», «Валерка і лятаючая талерка», «Казка пра Івана-ганчара і пачвару цара».
Уладзiмiр Сцяпанавіч Лiпскi
Нарадзіўся 6 мая 1940 г. у вёсцы Шоўкавічы Рэчыцкага раёна Гомельскай вобласці. У 1960 г. скончыў Мінскі тэхнікум харчовай прамысловасці. Працаваў на Гарадзейскім цукровым заводзе, у нясвіжскай раённай газеце «Чырвоны сцяг». У 1966 г. скончыў аддзяленне журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. З 1978 г. – галоўны рэдактар часопіса «Вясёлка».
У рэспубліканскім друку выступае з 1964 г. Аўтар кніг для дзяцей «Рыгоркавы прыгоды» (1974), «Марынчына казка» (1977), «Клякса Вакса і Янка з Дзіўнагорска» (1982), «Дзень нараджэння» (1988), «Вясёлая азбука» (1992), «Як Бог стварыў свет» (1993), «Пралескi ў небе» (1997), «Антонiк-Понiк» (1998), «Прыгоды Нулiка» (2007), «Я тут жыву» (2008), «Янкаў вянок» і інш.
Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь (2002). За «Вясёлую азбуку» атрымаў Лiтаратурную прэмiю iмя Янкi Маўра. Па гэтай кнiжцы пастаўлены спектакль «Прыгоды ў замку Алфавiт», якi iшоў у сталiчным Музычным тэатры. За аповесць «Загадкавы чалавечак» Уладзiмiру Лiпскаму была прысуджана прэмiя Васiля Вiткi. Кнiжка «Прыгоды Нулiка» была высока ацэнена i прызнана лепшым творам дзiцячай лiтаратуры 2007 года. Узнагароджаны медалём «За працоўную доблесць», ордэнам Францыска Скарыны, ордэнам святога царэвiча Дзмiтрыя «За справы мiласэрныя», ушанаваны Мiжнароднай прэмiяй iмя Альберта Швейцара, расійскай літаратурнай прэміяй імя Аляксандра Грына.