«Восеньская казка» Таццяна Атрошанка
Упершыню ў “Вясёлцы”
Таццяна Атрошанка
Восеньская казка
Гарэза-ветрык заблытаўся ў галінках дрэўца, якое расло пад акном прыгожага белага дома. Ён узняў такі вэрхал, што, здавалася, маленькія лісты, пафарбаваныя ў жоўта-залаты колер, закружыліся ў незвычайна прыгожым танцы.
Адзін з гэтых лістоў ненадоўга прысеў на карніз аднаго з акон і з цікавасцю зазірнуў праз шыбу ў глыб пакоя. Насупраць яго тварам да акна сядзела маленькая дзяўчынка і малявала. Раптам яна ўзняла галаву і заўважыла незвычайны лісток, які глядзеў на яе з вуліцы. Лісток быў увесь жоўты, нібы пазалочаны. Дзе-нідзе на ім бачыліся невялікія дзірачкі, праз якія прасвечвала сонейка.
– Навошта ты адарваўся ад бярозкі, лісток? Зараз прыляціць ветрык і аднясе цябе далёка-далёка ад дому, – прашаптала дзяўчынка.
Лісток глядзеў на яе, здавалася, разумнымі кропелькамі-вочкамі, а пасля крыху варухнуўся. Як ні дзіўна, гэтае шапаценне было зразумела дзяўчынцы.
– Я хацеў быць падобным да вольных птушак, з якімі марыў ляцець у чароўны край, дзе заўсёды лета. Але мне ніколі не паспець за імі, – сумна адказаў лісток.
– Калі я малявала цябе раней, ты быў зялёны. Чаму зараз жоўты? – запытала дзяўчынка.
– А ты паглядзі навокал, – страпянуўся лісток. – Не я адзін, усё зараз залатое. Гэта сонца напаіла зямлю святлом і цяплом, каб хапіла яго на ўсю доўгую халодную зіму.
– А чаму ты не танчыш з астатнімі? – запытала дзяўчынка.
– Бо мне цікава, як жывуць іншыя, хочацца расказаць пра сябе. Але большасць людзей не разумее нашай мовы. Нехта зусім не чуе, а некаторыя проста кажуць: “Паслухайце, як шапоча сёння лістота…”
– А табе не шкада расставацца з маці-галінкай, каб, адарваўшыся ад яе, згубіцца сярод іншага лісця? – запытала дзяўчынка.
– А ты паглядзі на іх вясною, – прамовіў лісток. – Хутчэй за ўсё гэта будзе сухая галінка, а на маім месцы вырасце новая зеляніна. І мой апошні танец не дарэмны, бо нават заняты справамі чалавек, гледзячы на лістапад, хоць на хвілінку забывае пра свае непрыемнасці. І гэты позірк для нас – найвялікшая ўзнагарода, бо ўсё на зямлі павінна служыць дабру і прыгажосці, – адказаў лісток. Кіўнуўшы галавой, ён паляцеў уніз, зліваючыся з лісцем у прыгожым восеньскім вальсе.
Дзяўчынка спала, трымаючы жоўты аловак у маленькай ручцы. На паперы, якая ляжала на стале пад яе шчочкай, усміхаўся залаты лісток з кропелькамі-вочкамі…