«Дабрадзей для ўсіх дзяцей» Уладзімір Ліпскі
Уладзімір Ліпскі
Дабрадзей для ўсіх дзяцей
10. Юні-Юні – настаўнік вясёлкаўцаў
Вася Вясёлкін папрасіў Юні-Юні:
– Слухай, а чаму б табе не праводзіць урокі ў “Вясёлцы”?
– Якія ўрокі? – пытаннем на пытанне адказаў Юні-Юні.
– Разумееш, нашы чытачы вельмі дасціпныя людзі, – патлумачыў Вася Вясёлкін. – Ім хочацца ведаць усё. Чаму кракадзіл не ўмее паказваць язык, а слон не можа скокнуць? Якой даўжыні тунель можа прарыць крот за ноч? Што за афрыканскія мурашы, якіх баяцца львы?..
– Добра, добра, гэта займальныя запытанкі. Для адказаў на іх у вас ёсць Фантаст-Усёвед. А я прапаную больш сур’ёзныя ўрокі, – сказаў Юні-Юні. – Давайце вывучаць складаныя, не зусім зразумелыя словы.
– Веру ў тваю мудрасць, – пагадзіўся Вася Вясёлкін, – а таму адразу і запрашаю ў музей “Вясёлкі”. Сёння якраз там сабраліся нашы юныя аўтары.
Так Юні-Юні распачаў у беларускім дзіцячым часопісе свае заняткі. Павёў вясёлкаўцаў у вандроўку па цікавай і вельмі патрэбнай краіне Букварыі. Пачалі вывучаць азбуку жыцця.
На першым уроку Юні-Юні прапанаваў “разабраць па костачках” слова “канвенцыя”. У ім – дзевяць літар, пяць з іх – зычныя, а чатыры – галосныя. Усе разам, складзеныя ў пэўным парадку, даюць назву міжнароднай дамове, пагадненню, а інакш – канвенцыі.
– Паміж краінамі свету ўжо існуюць сотні такіх дакументаў, – патлумачыў Юні-Юні. – Ёсць, напрыклад, рыбалоўная і паштовая канвенцыі. Заключана канвенцыя аб забароне прымянення хімічнай зброі. А нам важна ведаць Канвенцыю аб правах дзіцяці. У ёй дзяржавы вызначылі для сябе агульныя правы і абавязкі ў адносінах да дзяцей.
Святланка, як і вучылі яе ў звычайнай школе, падняла руку для запытання. Юні-Юні тут жа заўважыў гэта і даў ёй слова.
– Скажыце, Юні-Юні, а чаму Дзiцячы Фонд Арганізацыi Аб’яднаных Нацый (Юнісеф) падштурхнуў прэзідэнтаў усіх краін свету задумацца пра дзяцей? Нас жа і так усе любяць, ніхто не крыўдзіць.
– За цябе, Святланка, можна парадавацца, – усміхнуўся Юні-Юні, – ты шчаслівая. У цябе добрыя бацькі, ты ходзіш у сучасную школу, маеш шмат цацак, у цябе ёсць нават свой камп’ютар і мабільны тэлефон. Табе купляюць маляўнічыя кніжкі, выпісваюць вось гэты цудоўны часопіс “Вясёлка”. Але такую магчымасць маюць далёка не ўсе дзеці.
Юні-Юні распавёў пра краіны, у якіх дзеці паміраюць з голаду, не маюць умоў для навучання, іх прымушаюць цяжка працаваць.
– Гэта ж парушэнне правоў дзіцяці, – зрабіла выснову дапытлівая Святланка.
– Правільна, – пагадзіўся Юні-Юні. – Пра ўсё гэта якраз сказана ў прэамбуле Канвенцыі.
– А што такое прэамбула? – зацікавіўся Толік.
– Гэта ўступная частка міжнароднага пагаднення. У ёй тлумачыцца сутнасць дакумента, важнасць і прычыны, якія прымусілі напісаць і прыняць яго.
Юні-Юні адчуў, што вясёлкаўцы ўважліва слухаюць яго, і дазволіў сабе зачытаць некаторыя радкі з прэамбулы, якія па-беларуску гучаць так:
“Дзяржавы – удзельнікі гэтай Канвенцыі,
лічачы, што дзіця павінна быць поўнасцю падрыхтавана да самастойнага жыцця…;
прызнаючы, што ва ўсіх краінах свету ёсць дзеці, якія жывуць у выключна цяжкіх умовах, і што такія дзеці маюць патрэбу ў асобнай увазе;
улічваючы належным чынам важнасць традыцый і культурных каштоўнасцей кожнага народа для абароны і гарманічнага развіцця дзіцяці;
прызнаючы важнасць міжнароднага супрацоўніцтва для паляпшэння ўмоў жыцця дзяцей у кожнай краіне;
пагадзіліся з наступным…”
Юні-Юні загарнуў кніжку з Канвенцыяй, сказаў:
– А далей ідуць пяцьдзясят чатыры артыкулы Канвенцыі. Артыкулы, дарэчы, – гэта раздзелы, параграфы дакумента. Аповед пра іх – асобная азбука вашых правоў і абавязкаў.
Вася Вясёлкін узяўся падвесці вынікі ўрока:
– Такім чынам, сябры, мы сёння з дапамогай Юні-Юні даведаліся, што такое “канвенцыя”, “прэамбула”, “артыкул”.
– А я на правах настаўніка, – прапанаваў Юні-Юні, – хачу даць вам дамашнія заданні. Падумайце, што змяшчае ў сабе слова “закон”? Як называецца асноўны закон Рэспублікі Беларусь? Як вы разумееце такія паняцці: законы Божыя, законы прыроды, законы правапісу, жыць па законах?..
Працяг у наступным нумары.