Ганначка і певень
Пеця – вялікі, белы, з чырвоным грэбенем і прыгожымі завушніцамі. А Ганначка яшчэ маленькая – у дзіцячы садзік ходзіць. Ганначка баіцца пеўня: ён такі злосны! Аднаго разу нават на яе кінуўся. Гэта тады, калі яна хацела Рабку злавіць.
Як толькі Ганначка прыходзіць з дзіцячага сада дадому, яна спачатку курэй корміць. Возьме сподачак, насыпле туды зярнят і пачынае клікаць:
– Ціп-ціп-ціп!..
А курэй і клікаць не трэба: яны ўжо стаяць ля ганка і чакаюць Ганначку.
Певень дзеўбане раз-другі і скасавурыць вока: ці не крыўдзіць хто чубатак? А калі каторай няма, Пеця пачынае клікаць:
– Куды-куды пайшла?
Сам певень есць мала – усё курам пакідае. Схопіць дзюбай зярнятка, падкіне яго, зловіць і зноў падкіне…
– Ко-ко! Хутчэй сюды!
Вераб’і таксама ведаюць, калі дзяўчынка са сподачкам выходзіць. Надвячоркам злятаюцца бліжэй да хаты. І варта Ганначцы сказаць сваё “ціп-ціп”, як вераб’і кідаюцца ёй пад ногі.
Маленькіх шэрых свавольнікаў дзяўчынка не праганяе. Не чапаюць іх і куры. Нават певень не звяртае ўвагі.
Аднаго разу Ганначка выйшла на двор пагуляць. Мама дала ёй лустачку хлеба з маслам.
Стаіць дзяўчынка, есць, і тут прыбег суседскі Тузік. Убачыў хлеб і давай вакол Ганначкі бегаць, у вочы зазіраць.
Адламала яму дзяўчынка кавалак. Тузік праглынуў, павіляў хвастом і яшчэ чакае.
– Хопіць, – сказала дзяўчынка, – а то мне нічога не застанецца.
А Тузік бачыць, што больш не даюць, давай падскокваць, каб адабраць хлеб.
Заплакала Ганначка:
– Ма-а-а-ма!..
Пачуў лямант певень, зляцеў з плота ды як кінецца да Тузіка, як дзеўбане яго ў нос:
– Ты куды, ты куды!
Тузік завішчаў, падкурчыў хвост ды хутчэй уцякаць.
А Ганначка зарадавалася, перастала плакаць і хацела пагладзіць свайго абаронцу. Але певень незадаволена сцепануўся і адскочыў. Не любіць Пеця, каб яго гладзілі.
Даір Слаўковіч