Урок 4. Вершы пра «Вясёлку»
Перш чым пазнаёмiць дзяцей з часопiсам з мiлагучнай назвай «Вясёлка», праводзiцца конкурс акцёрскага майстэрства сярод вучняў класа. Дзецi выразна чытаюць на памяць вершы, у якiх iдзе размова пра вясёлку – цудоўную прыродную з’яву. Гэта могуць быць вершы С. Грахоўскага «Вясёлка», А. Кавалюк «Дзе схавалася вясёлка?» i iнш.
Васiль Вiтка «Вясёлка на вадапоi»
Зiрнiце, вунь дзiва якое –
Вясёлка на вадапоi!
Адразу ж пасля навальнiцы
Прыпала дадолу нiцам
Па абодва бакi –
Адным да крынiцы,
Другiм да ракi.
Мусiць, добра сасмагла-такi
I знясiлела, знемагла.
Вельмі ж доўга піла
І піла.
Напілася, устала,
Зноў да самага неба дастала
І ў сем столак,
У сем новых вясёлак
Ярка-ярка
Над намі зайграла.
Вясёлка ўстала над палямi,
Яе ты бачыш, можа быць?..
I мне здаецца,
Што мiж намi –
Вясёлка гэтая гарыць.
Адкуль краса яе бярэцца, –
З азёраў, рэчак баравых?
– Не, i не з мора!
З нашых сэрцаў,
I акiян мяльчэй ад iх!
Потым настаўнiк знаёмiць дзяцей з часопiсам «Вясёлка», праводзiць гутарку пра гiсторыю часопiса i прапануе паслухаць яшчэ некалькi вершаў, ужо пра часопiс «Вясёлка».
Уладзiмiр Мазго «Ярка фарбамi гары!»
У «Вясёлкi» юбiлей –
Веснавое свята,
Ад якога весялей
Нам з малодшым братам.
Угару ўздымаюць нас
Ад садка да школкi,
Як прыступкi на Парнас,
Нумары «Вясёлкi».
Знойдзем разам добры верш,
Абмяркуем допiс.
З намi марыш i жывеш,
Сябар наш – Часопiс.
Для шчаслівай дзетвары,
Як зімою ёлка,
Ярка фарбамі гары
І цяпло сваё дары,
Любая «Вясёлка»!
Пры знаёмстве з часопiсам i наступнай працы з iм абавязкова трэба разгледзець вокладку часопiса, пазнаёмiцца з рэдакцыйнай калегiяй, рубрыкамi часопiса. Настаўнiк павiнен папярэдне скласцi план такой работы ў залежнасцi ад узросту дзяцей i ўзроўню падрыхтаванасцi класа. I, вельмi важна, з якiм настроем сам настаўнiк будзе расказваць пра часопiс. Дзецi абавязкова заўважаць паважныя адносiны да мовы, любоў да роднага краю цi абыякавасць, з якой пра ўсё гэта расказваецца.