Дарагія сябры!
Дарагія сябры!
Вось ужо 55 гадоў часопіс “Вясёлка” стаіць на варце краіны Маленства. Абараняе права кожнага дзіцёнка верыць у цуд, у тое, што дабрыня перамагае зло, а спагада і вернасць – найлепшыя спадарожнікі ў жыцці. Што сяброўства – найвялікшы з зямных дароў, а любоў можа быць бязмежнай.
За час існавання часопіса на яго старонках надрукавалася нямала прафесійных пісьменнікаў і аматараў дзіцячай літаратуры. Свае першыя крокі зрабілі і маладыя мастакі, якія дасылалі ў рэдакцыю малюнкі.
Не памылюся, калі скажу, што “Вясёлка” – скарбонка, у якой сабраны вершы і казкі, загадкі і крыжаванкі, скорагаворкі і рэбусы – тое, што ўздымае настрой, абуджае розум, напаўняе душу. На старонках часопіса знайшлі сваё месца разнастайныя конкурсы і праекты: “Замежныя сябры “Всясёлкі”, “Міс “Вясёлка”, “Чэмпіён “Вясёлкі”. Дзякуючы конкурсу “Мы – дружная сям’я”, напрыклад, уся краіна даведалася пра найлепшых юных аўтараў. Яны – звычайныя школьнікі, якія даслалі ў рэдакцыю свае творы.
Многія з вас ужо ведаюць мяне, Васю Вясёлкіна, і маю сяброўку Васілінку. З 2012 года ў нас новы надзейны сябар – Юні-Юні. Гэта сонечны зай, які расказвае лясным жыхарам і вам, мае дарагія сябры-чытачы, аб правах дзіцяці.
Для таго, каб “Вясёлка” завітала і да вас у госці, а разам з ёй і мы, яе нястомныя сябры, трэба падпісацца на часопіс. Можаце гэта зрабіць самі ці папрасіць бацькоў. Спрыяйце, каб часопіс выпісала як мага больш сяброў, аднакласнікаў, знаёмых. Сяброў-падпісчыкаў можна знайсці ў паралельным класе, у суседняй школе. Будзем чакаць ад вас лістоў і спадзяёмся на добрае сяброўства.
Вася Вясёлкін.