«Дождж», «Дарункі лета» Серафіма Бестава
Среда, 10.10.2012 09:59. Рубрика: Вершы, Навіны "Вясёлкi"
Серафіма Бестава
Дождж
Калоцяць неба навальніцы,
Страсаюць кроплі дажджавыя,
І кожнай кропельцы-дажджынцы
Так рады травы лугавыя.
Так рады смолкі і рамонкі,
Так рады дрэвы пад вакном.
І чыйсьці голас гулкі, звонкі
Гучыць пад праліўным дажджом.
А гэта наш гарэза Лёня,
Якому ў хаце не сядзіцца,
Дажджынкі ловіць у далоні,
Аж тварык радасцю іскрыцца.
Дарункі лета
Наша Тома спаць так хоча,
Не расплюшчваюцца вочы,
Галаву не ўзняць з падушкі.
– Уставай, мая дачушка, –
Мама шэпча так ласкава, –
Нас з табой чакаюць справы.
Пойдзем зранку ў агарод,
Морква там, нібыта мёд.
Гарбузы там і гуркі,
Бобу поўныя струкі,
А ля плота многа кветак –
Гэта ўсё дарункі лета.