Павук і мухі
П’еса-казка
Дзейныя асобы: ПАВУК, МУХІ.
Лясная паляна. На ёй з’яўляецца Павук.
ПАВУК. Я спляту свае карункі,
Быццам мухам падарункі.
(Пляце павуціну, аглядае яе.)
Ай ды я! Ай ды зух!
Налаўлю я хутка мух
Для сябе і для гасцей,
Каб заходзілі часцей.
(Крычыць).
Гэй вы, мухі, ягамосці,
Да мяне ляціце ў госці
Па карункі –
Падарункі!
На паляну вылятаюць мухі. Яны не набліжаюцца
да павуціны, а лятаюць здалёк.
МУХІ (разам).
Вось табе наш адказ,
Жу-жу-жу!
Не падманеш ты нас,
Жу-жу-жу!
Бо твае, Павук, карункі,
Жу-жу-жу,
Пасткі, а не падарункі,
Жу-жу-жу!
ПАВУК (незадаволена).
Я вам справу кажу,
А вы мне: жу-жу-жу!
Хопіць, мухі жартаваць –
Лепей будзем сябраваць!
Не жадаеце карункаў,
Дык заместа падарункаў
Запрашаю на абед!
Пачастую вас як след
Мёдам з сушкамі
Ды з ватрушкамі!
МУХІ (разам).
Вось табе наш адказ
Жу-жу-жу!
Не падманеш ты нас,
Жу-жу-жу!
Ты абед нам не дасі,
Жу-жу-жу!
Ты нас сам, Павук, з’ясі,
Жу-жу-жу!
ПАВУК (злосна).
Я вас, мухі, так люблю!
Я вас мухі, так лаўлю!
І чым больш я вас лаўлю,
Тым мацней я вас люблю.
Не магу я жыць без вас:
Мне вячэраць хутка час,
Я ж яшчэ і не абедаў,
Толькі раніцай паснедаў
Спадарыкам-
Камарыкам.
Павук кідаецца да мух, але тыя спрытна ўхіляюцца, лятаюць вакол павука, дражняць яго.
МУХІ (разам).
Вось табе наш адказ,
Жу-жу-жу!
Не злавіць табе нас,
Жу-жу-жу!
Не старайся дарма,
Жу-жу-жу!
Крыльцаў у цябе няма,
Жу-жу-жу!
Мухі разлятаюцца ва ўсе бакі.
Генадзь АЎЛАСЕНКА