Воблака-чарапашка
Маленькі Данік вельмі любіў жнівень.
У апошні месяц лета ён прасіўся ў мамы спаць на балконе. Там перад сном хлопчык мог назіраць Вялікую Мядзведзіцу, загадваў жаданні знічкам. Раніцай ён бачыў, як імкліва ляцелі над дахам аблокі.
Аднойчы Данік заўважыў, што адно невялікае воблачка не ляціць з усімі, а нібыта сядзіць на краёчку дома. Хлопчык здзівіўся і высунуў галаву з акна.
– Добры дзень, Воблака! – выгукнуў ён. – Ты вырашыла сесці на дах майго дома, каб адпачыць?
– Ха! Адпачыць! Я зачапілася! Хто толькі прыдумаў гэтыя дахі…
– Ты, напэўна, было ў многіх гарадах, так?
– Вядома. Быць воблакам – цудоўна, бо ніколі не ведаеш, куды паляціш заўтра. Гэта ўсё вецер. Куды яму пажадаецца, туды і ляцім. Аднойчы нас занесла ў Фінляндыю. З вышыні мы бачылі мноства азёр-люстэркаў.
А ў Галандыі – вельмі прыгожыя цюльпаны. У Грэцыі – белыя дамкі з добрымі жыхарамі, якія ўсміхаліся нам з вокнаў…
Раптам падзьмуў моцны вецер, і воблака вызвалілася.
– Куды ты? – запытаўся Данік.
– Мне трэба ляцець.
– А ты вернешся да мяне?..
На балкон выйшла мама.
– Данік, хутка зачыні акно. Які моцны вецер!
Хлопчык выканаў мамін загад і стаў праз шкліну пазіраць на воблака, але яно ўжо было далёка.
З таго часу Данік кожны жнівень спіць на балконе і заўсёды раніцай пазірае праз акно, ці не зачапілася якое-небудзь воблака за дах яго дома.
Алеся Скідан