«Каласавічок» Алесь Бараноўскі
Каласавічок
Чым пісалі раней
Хто такі і дзе нарадзіўся?
А ці ведаеш, дружа, што ў старажытнасці былі спецыяльныя чарнілы з сумесі клею, сажы і вады. Па мокрай гліне пісалі стрыжнямі-клінкамі, якія называліся – сціласамі. А яшчэ для пісьма выкарыстоўвалася гусінае пяро.
Дзе вынайшлі фламастар
Цяжка паверыць, але першы ў гісторыі чалавецтва фламастар прыдумалі ў Старажытным Егіпце. Гэта была медная ручка з устаўленай у яе свінцовай завостранай трубачкай, у сярэдзіне якой знаходзілася трысціна-стрыжань з чарніламі.
Фламастар
У Ганусі новы
Сябар каляровы.
Ім дзяўчынка з ранку
Піша на фіранках.
Распісала дзверы,
Новыя шпалеры,
Рыбку залатую
Распісала й тую.
Хустку і панчохі
Абнавіла трохі.
Працавіты “майстар” –
Новенькі фламастар.
Як піша аловак
Мала хто ведае, але продкам алоўка была звычайная свінцовая палачка. Яна пакідала след на паперы, а заадно і на пальцах. Таму і апранулі яе ў «касцюмчык» са скуры.
Дзіва большага няма:
Піша палачка сама!
На лісце і на газеце, –
Не нарадуюцца дзеці.
Поле, лес і сенажаць
Можна ёй намаляваць.
Гэта, брат, скажу, не зломак,
А завецца ён – ……
Мама фарбы мне купіла,
Ну а пэндзлікі забыла.
Дзе мне іх цяпер узяць?
Можа, пальцам маляваць?
Загадкі
Граматы не ведаю, а ўвесь век пішу.
Яно так часта просіць піць,
Ды вось зусім не плакса.
Калі ў чарнілы утапіць,
Яно наробіць кляксаў.
Белы зай
Па чорным полі скакаў,
Сляды за сабой пакідаў.
Размалёўка
Калі ты яго заточыш,
Намалюеш, што захочаш.
Можаш рэчку, можаш пляж,
Дом вялікі ці будан.
Толькі часу не марнуй –
Маляванку расфарбуй.
Тэкст Алеся Бараноўскага, малюнкі Уладзіміра Жука.