Урок 2. «Вясёлка» ў нашым класе
На дошцы малюецца вялiкая прыгожая вясёлка. Да яе моцнымi магнiтамi прымацоўваюцца некалькi нумароў часопiса. Настаўнiк звяртае ўвагу на яркiя колеры, добры настрой i гаворыць дзецям, што ў прыродзе вясёлка – з’ява вельмi рэдкая. Але калi дзецi будуць стараннымi вучнямi, уважлiвымi чытачамi, у класе вясёлка можа з’яўляцца значна часцей, таму што ўжо больш за 50 гадоў жыве на свеце цудоўны дзiцячы часопiс «Вясёлка». У iм пiсьменнiкi дораць дзецям свае творы, а мастакi – надзвычай добрыя малюнкi да гэтых
твораў. Потым загадзя падрыхтаваныя вучнi могуць выразна пачытаць вершы, казкi цi апавяданнi. Настаўнiк падводзiць да думкi, што «Вясёлка» яскравая i прыгожая не толькi сваiмi колерамi, але i творамi, якiя жывуць на яе старонках.
Абавязкова трэба выкарыстаць верш Сяргея Грахоўскага «Вясёлка», якi быў надрукаваны ў першым нумары часопiса «Вясёлка» ў красавiку 1957 года.
Сёння ранiцаю лiў
першы дожджык з громам,
праляцелi жураўлi
i над нашым домам.
Сёння з вулля першы раз
Вылецела пчолка,
Апусцiлася да нас
Першая вясёлка.
I прыгожаю дугой
Стала над лясамi.
Колькi колераў у ёй?
Мы палiчым самi.
– Вось аранжавы!
– Чырвоны!
– І блакітны!
– І зялёны!
– Фіялетавы!
– І жоўты…
– Ну а болей
Не знайшоў ты?
Пашукай,
Бо хутка згіне.
– Вось яшчэ знайшоўся сіні.
– Не шукайце больш дарма –
Іншых колераў няма.
Распраўляе крылцы пчолка,
Зелянее збажына.
Загарэлася вясёлка –
Будзе добрая вясна.
На ўрок знаёмства з «Вясёлкай» можна запрасiць маму цi тату (а можа, нават бабулю цi дзядулю), каго– небудзь з вучняў, якiя прынясуць з сабой некалькi нумароў «Вясёлкi» тых часоў. Яны паведамяць класу, што ў дзяцiнстве чыталi «Вясёлку». А потым мама з сынам (цi тата з дачкой) па ролях выразна прачытаюць верш цi апавяданне. Старыя нумары часопiса ў многiх сем’ях яшчэ захоўваюцца. Трэба толькi не паленавацца распытаць пра гэта бацькоў вучняў. А ўяўляеце, якi велiзарны выхаваўчы эфект атрымаецца, калi з «Вясёлкай» дзяцей пазнаёмяць бабуля цi дзядуля кагосьцi з вучняў! У гутарцы, распрацаванай сумесна з настаўнiкам, бабуля цi дзядуля раскажуць гiсторыю часопiса, разам разгледзяць нумары розных гадоў, паведамяць пра юбiлейныя днi нараджэння часопiса, асаблiва, — 50- гадовы юбiлей, якi адзначаўся не так даўно, у 2007 годзе.
На ўрок можа «завiтаць» Вася Вясёлкiн – вучань старэйшых класаў у нацыянальным беларускiм строi i пазнаёмiць з часопiсам. Ён прачытае на памяць вершы, прапануе адгадаць загадкi. З Васем можа прыйсцi i Васiлiнка. Калi паклапацiцца загадзя, Вася Вясёлкiн, Васiлiнка i iх сябры могуць падарыць малым сапраўднае свята «Вясёлкi».