Каляровыя алоўкі
Пятница, 7.09.2012 14:54. Рубрика: Вершы
У каробцы спяць алоўкі –
Каляровыя галоўкі.
Іх буджу я на зары:
– Прачынайцеся, сябры!
Нас чакае спраў бясконца… –
Жоўты глянуў у акно:
– Намалюю зараз сонца,
Каб свяціла ўсім яно! –
– Апрану, – сказаў зялёны, –
Ліпы, яблыні і клёны.
Іх на свой улік прымай,
Паважаны месяц май!
Так прачнуліся алоўкі –
Каляровыя галоўкі,
І запелі на зары
Працавітыя сябры:
– Мы самой вясёлкі дзеці,
Сем алоўкаў – сем братоў.
Маляваць усё на свеце
Кожны з нас заўжды гатоў!
Пятрусь Макаль