казка «Чаму вожык калючы»
Чаму вожык калючы
Казка
Жыў у лесе Вожык. Футрачка было ў яго мяккае, пушыстае. Ды вось бяда – амаль усе крыўдзілі беднага звярка. І Воўк, і Ліса, і Мядзведзь.
Надакучыла Вожыку ўсіх баяцца, вось ён і пайшоў да Мудрай Савы, якая жыла ў дупле старога дуба.
Прыйшоў, падняў сваю мордачку і кажа:
– Мудрая Сава, дапамажы! Усе мяне крыўдзяць, усе з мяне здзекуюцца! Не хачу так болей жыць!
Сава паглядзела зверху ўніз ды і адказвае:
– Не хвалюйся, дарагі Вожык! Ідзі ў глыб лесу. Там знойдзеш старую елку. Пад ёй вельмі шмат апалых іголачак. Скруціся клубочкам, пакачайся пад елачкай, набяры сваім мяккім футрачкам іголачак – і станеш калючы. Вось тады ніхто цябе не будзе крыўдзіць.
Вожык так і зрабіў. Знайшоў у лесе старую елку, пакачаўся пад елачкай і стаў калючы.
І вось бяжыць па лесе, а насустрач яму Воўк. Скруціўся Вожык клубочкам і чакае, што будзе далей. Толькі хацеў Воўк з’есці Вожыка, ды раптам як завые на ўвесь лес. Усю пашчу скалоў. Так і паплёўся па лесе галодны. З таго часу Вожык перастаў усіх баяцца.
Карына Абабурка.
Любанскі раён,
Рачэнская СШ.