Рукапісныя помнікі
Калі не ведалі яшчэ кнігадрукавання, кнігі пісалі ад рукі. Праца была цяжкая. Гэтым звычайна займаліся перапісчыкі ў манастырах. Найбольш вядомая сярод іх – выдатная беларуская асветніца Еўфрасіння Полацкая. У асноўным перапісваліся біблейскія кнігі. Да ўсяго яны з густам аздабляліся. Асабліва Евангеллі.
Слова Евангелле – грэчаскага паходжання. Яно перакладаецца як добрая вестка. Евангелле – агульная назва першых чатырох кніг Новага Запавету – пра зямное жыццё і вучэнне Ісуса Хрыста. Новы Запавет – адна з частак Бібліі, святой кнігі хрысціянскай рэлігіі.
Сярод рукапісных Евангелляў, якія дайшлі да нас, і Слуцкае Евангелле. Яго перапісаў ад рукі ў 1580 годзе слуцкі князь Юрый Алелькавіч. Пасля яго смерці Евангелле захоўвалася ў Слуцку ў Трайчанскім манастыры. Потым трапіла ў Слуцкі краязнаўчы музей, пазней у Мінскі Дзяржаўны музей, а ў 1929 у Магілёўскі дзяржаўны музей.
У гады Вялікай Айчыннай вайны гэты рукапісны помнік згубіўся. Меркавалася, што ягоны след страчаны назаўсёды. Але некалькі гадоў назад Слуцкае Евангелле ўдалося адшукаць. Дзякуючы выдавецтву Беларускага Экзархата нядаўна з’явіўся ягоны факсімільны выпуск – дакладнае ўзнаўленне арыгінала. За гэту карпатлівую і вельмі важную працу калектыў, які працаваў над выданнем Слуцкага Евангелля, атрымаў высокую ўзнагароду – прэмію “За духоўнае адраджэнне”.
Цяпер выдавецтва Беларускага Экзархата працуе над факсімільным выпускам Лаўрышаўскага Евангелля – знакамітага беларускага рукапіснага помніка XIV стагоддзя. Яно было перапісана ў адным з найбольш старажытных манастыроў у вёсцы Лаўрышаў каля Навагрудка.
Паводле летапісных крыніц гэты святы манастыр у ХІІІ стагоддзі заснаваў вялікі князь літоўскі Войшалк (у манастве Лаўрыш). Па царкоўнай жа версіі манастыр з’явіўся дзякуючы прападобнаму Елісею Лаўрышаўскаму.
Елісей Лаўрышаўскі быў сынам князя Траняты. Пасля займаў высокую пасаду пры двары вялікага князя літоўскага Міндоўга. Аднак развітаўся са свецкім жыццём і адасобіўся ў пустыні. Там яго напаткаў праваслаўны манах, імя якога, на жаль, не дайшло да нас. Удвух яны ў 1225 годзе і заснавалі ў Лаўрышаве манастыр.
Мошчы Елісея валодалі цудатворнай сілай і вылечвалі ад душэўных і цялесных хваробаў. Калі татары спустошылі ваколіцы Наваградка і наблізіліся да Лаўрышаўскага манастыра, то ім падалося, што двор запоўнены конніцай. Спалохаўшыся, яны кінуліся ўцякаць. Елісей Лаўрышаўскі нібыта сышоў на зямлю і змог пераканаць захопнікаў у тым, што абаронцаў шмат і яны добра ўзброены.
Елісей Лаўрышаўскі аднесены Праваслаўнай царквой да святых. У 1996 годзе ў Лаўрышаве яму адкрыты помнік. Помнікам яму з’яўляецца і Евангелле, напісанае на пергаменце царкоўнаславянскай мовай. Яно аздоблена вялікай колькасцю па-мастацку выкананых загалоўных літар, а таксама 19 мініяцюрамі на евангельскія сюжэты. Пераплёт зроблены з дошчачак, абцягнутых аксамітам. Пераплётам замацавана адна з самых старажытных беларускіх кніг. У цэнтры, на вокладцы, – срэбная пласціна, а на ёй – выява святога з дзідаю і шчытом. Мяркуецца, што гэта і ёсць правобраз князя Войшалка. Кніга рэстаўравана ў 1887 годзе. Цяпер Лаўрышаўскае Евангелле захоўваецца ў бібліятэцы імя Чартарыйскіх у Кракаве. З яго ў выдавецтве і робяць факсімільны выпуск.
Перавыдадуць яшчэ адзін унікальны пісьмовы помнік – Полацкае Евангелле ХІІ стагоддзя. Як ваенны трафей, яно было вывезена ў Расію Іванам Грозным. Падзеленае на тры часткі, захоўваецца цяпер у расійскіх музеях у Санкт-Пецярбургу і ў Маскве.
Вось так, дзякуючы выдавецтву Беларускага Экзархата, даўнія Евангеллі перажываюць сваё другое нараджэнне.