Урок 1. Загадкі пра «Вясёлку»
Адзiн з нумароў часопiса (або некалькi нумароў) прыгожа загортваецца ў каляровую паперу цi хаваецца ў скрынку.
Настаўнiк прапануе вучням загадку Васiля Вiткi:
Сем вясёлых маляроў
I такiх, што будзь здароў –
Аж паўнеба распiсалi.
Выйшла што – не знаюць самi.
Той, напэўна адгадае,
Хто часопiс наш чытае.
(Вясёлка)
Можна выкарыстаць песню «Вясёлка» (словы Сяргея Грахоўскага, музыка Кiма Цесакова). Можна падабраць таксама загадкi пра вясёлку iншых аўтараў, творы якiх можна сустрэць у часопiсе.
Адгадаўшы загадку, дзецi тлумачаць сэнс слова «вясёлка». Настаўнiк пытаецца ў дзяцей, цi даводзiлася iм бачыць у жыццi вясёлку i прапануе знайсцi яе ў класе. Гучыць вясёлая мелодыя. Дзецi пад кiраўнiцтвам настаўнiка «знаходзяць» «Вясёлку». Момант трэба ўрачыста абыграць. Потым настаўнiк расказвае пра часопiс, прапануе дзецям пазнаёмiцца з iм i стаць чытачамi «Вясёлкi».
Цiкавым момантам урока можа стаць выкарыстанне акразагадкi Уладзiмiра Мацвеенкi:
Вам загадваю загадку:
Я люблю часопiс гэты.
Сонейкам нiбы сагрэты,
Ён да вас спяшае ў хатку,
Любiць кожнае дзiцятка.
Купяць вам яго бацькi.
Адгадайце: хто такi?