Цяжкая навука
Казка аб тым,
Як нялёгка зусім,
Хоць нарадзіўся ты
З лапамі і хвастом,
Стаць катом.
Было гэта ні зімой, ні летам, ды вядома дакладна, што перад абедам. Вывеў стары Кот маладога Катка за браму і сказаў прама:
– Хопіць табе, сын, на маёй шыі сядзець. Пабегаў, пагуляў, усмак паеў, удосыць паспаў – час і самому мышэй лавіць.
– А якія яны, мышы? – упершыню пацікавіўся Каток.
– А яны, гэта, во-о-о-сь з такімі хвастамі! — развёў стары Кот лапы як мага шырэй. І, відаць, парашыўшы, што растлумачыў дастаткова добра, на цёплую печку падаўся.
Нічога не засталося Катку, як самастойна на працу накіравацца.
Вакол хаты абышоў, уздоўж плота прабег – на луг выйшаў. Бачыць, нейкія звяры пасвяцца – хвасты ледзь не да зямлі звісаюць.
“Бач, колькі мышэй… – узрадаваўся Каток. – А хвасты ў іх яшчэ даўжэйшыя, чым бацька паказваў”.
Падкраўся ды хоп ха хвост!
– М-м-му-у! – спалохаўся звер ды як махне хвастом – Каток тры разы цераз галаву перакуліўся.
Падхапіўся, абтросся – з усіх ног дамоў панёсся.
– Ну, як паляванне? – пацікавіўся стары Кот. – Упаляваў хоць адну мышку?
– Злавіў, – мяўкнуў Каток. – Толькі яна так хвастом махнула, што я тры разы цераз галаву перакуліўся.
– Дурненькі, – уздыхнуў стары Кот, – ты ўхапіў за хвост не мышку, а карову.
– А якія яны, мышы? – другі раз пацікавіўся Каток.
– А яны, гэта, – задумаўся стары Кот, – такія маленькія, шэрыя…
Нічога не заставалася Катку, як зноў на паляванней падацца.
За браму выйшаў, вакол хаты абабег – бачыць: на прызбе бабка Матруна сядзіць, у руках палачкі мільгаюць, а на зямлі каля яе нешта маленькае шэрае падскоквае – хвост доўгі, проста бабулі Матруне ў рукі цягнецца.
“Дык вось яна якая, мышка!” – узрадаваўся Каток.
Падкраўся неўпрыкметку – цоп! – і ўчапіўся кіпцямі ў маленькае і шэрае.
– Ах ты, дурненькі, – устала з прызбы бабка Матруна. – Ты чаму не даеш мне ўнуку рукавічкі вязаць? – ды як шпурне ў Катка недавязанай рукавічкай.
Яно і не балюча, ды крыўдна.
Каток абтросся – і з усіх ног дамоў панёсся.
– Ну, як паляванне? – пацікавіўся стары Кот. – Упаляваў хоць адну мышку?
– Злавіў, – мяўкнуў Каток. – Толькі бабка Матруна адабрала – рукавічкай у мяне запусціла.
І Каток расказаў усё як было.
– Дурненькі, – уздыхнуў стары Кот. – Гэта ты не мышку злавіў, а ў клубок нітак учапіўся. З іх мала карысці: ні мяса – паласавацца, ні касцей – пагрызці… Наша справа – мышы!
– А якія яны, мышы? – трэці раз пацікавіўся Каток.
– А яны, гэта, – наморшчыў лоб стары Кот, – сыр любяць. Я, помню, адну злавіў, калі яна галоўку сыру грызла.
І зноў стары Кот, вырашыўшы, што растлумачыў дастаткова добра, улёгся зручней, каб сон дасніць, а Каток трэці раз на паляванне падаўся.
Цераз двор прабег, вакол хаты абышоў, у хлеў зазірнуў. Бачыць, на бервяне звярок сядзіць, чорную скарыначку грызе. Сам маленькі, шэранькі, хвосцік да зямлі звісае.
“Па ўсіх прыкметах – мышка, – падумаў Каток. – Але чаму яна хлебную скарыначку грызе, а не сыр? Трэба спытацца, а то і трэці раз памыліцца няцяжка…”
Падышоў Каток і ледзь чутна пытае:
– Ты сыр любіш?
– Ой! – схамянулася Мышка і ад перапуду хлебную скарыначку ўпусціла. – Люблю, – прызналася яна.
– Цудоўна! – пацёр Каток лапкі. – Урэшце я знайшоў тое, што шукаў… Зараз я цябе злаўлю і папалудную.
Зразумела Мышка, што трэба неяк выкручвацца, сваё жыццё ратаваць, – пачала хітраваць.
– Пачакай крышку, паважаны Кот, – пачала яна прасіць і наўмысна Катка Катом назвала. – Раз мне выпаў лёс табе на абед трапіць – нікуды не падзенешся. Толькі ў мяне зараз усе зубы чорныя – сам бачыў, я гарэлую скарыначку грызла. Адпусці на хвілінку дадому – зубы пачысціць. Не да твару табе, паважанаму Кату, нейкай там мышкай-замухрышкай палуднаваць.
Прыемна Катку такія словы чуць. Нават сам сябе паважаць пачаў.
– Добра, – згадзіўся, – ідзі, толькі доўга не затрымлівайся.
Шмыгнула Мышка ў норку і як у ваду канула.
А Каток аж дасюль каля норкі сядзіць – мышку чакае. Калі, вядома, не падрос за гэты час ды не паразумнеў.
Не простая гэта справа стаць добрым катом!
Іван БУРСАЎ
З рускай мовы пераклаў Рыгор Барадулін