Коцік Петрык і Мышка (беларуская народная казка)
Аднаго разу коцік Петрык захацеў мышку злавіць. Ён быў яшчэ маленькі, але чуў ад дарослых катоў, што яны заўсёды ловяць мышэй. І Петрыку вельмі ж захацелася стаць хутчэй дарослым.
Пайшоў ён у гумно. Хадзіў сюды-туды – нікога няма. Раптам у кутку нешта зашамацела. Петрык скокнуў туды і ўбачыў маленькае зверанятка з доўгім хвосцікам.
– Ты хто? – спытаў Петрык.
– Мышка.
– Вось ты мне і патрэбна.
– Навошта?
– Я не ведаю навошта, але ведаю, што катам трэба лавіць мышэй.
Мышка пасмялела і кажа:
– Каты ловяць мышэй, каб гуляць з імі ў кошкі-мышкі. Хочаш навучу цябе?
– Хачу! – сказаў коцік.
– Тады стань у куток, заплюшчы вочы і лічы да трох, а потым лаві мяне.
Спадабалася гульня Петрыку. Ён стаў у куток, заплюшчыў вочы, а калі далічыў да трох, мышкі было ўжо не дагнаць.