У гасцях у дахавікоў
Уладзімір Васькоў. «Дахавік Казік».
Казачная аповесць. «Мастацкая літаратура», 2011.
Аўтар гэтай кнігі — беларус, які жыве ў Расіі, а яго сям’я — жонка і дзве дочкі — дома размаўляюць па-беларуску. Пра гэтую акалічнасць біяграфіі аўтара не згадваецца ў кнізе, але Уладзімір Васькоў каля дзесяцігоддзя актыўна прысутнічае ў беларускай інтэрнэт-прасторы, вядзе блог, дзе распавядае пра сваю сям’ю і паездкі на радзіму, пра свайго дахавіка Казіка і пра тое, як сам рабіў ілюстрацыі да кнігі.
Твор быў часткова вывешаны на сайце, які ствараецца намаганнямі беларускамоўных бацькоў, потым з’явіўся ў часопісе «Бярозка» — і стала відавочна, што казка пра дахавіка Казіка, які жыве на гарышчы, мае поспех сярод мэтавай аўдыторыі. Зрэшты, выявілася, і хто ж гэтая мэтавая аўдыторыя — дзеці малодшага школьнага ўзросту і… іх бацькі. Праўда, смяяцца дзеці і дарослыя, відаць, будуць з розных эпізодаў. Кніга наогул нагадвае сітуацыю, калі дарослы чалавек размаўляе з дзіцем у прысутнасці яго бацькоў: паведамленне скіравана толькі на малечу, але і астатнім будзе не сумна…
Аўтар свядома апелюе да гісторыі пра Карлсана, які, па сутнасці, таксама быў дахавіком, а таму герояў можна лічыць у пэўным сэнсе супляменнікамі. Казік, Юзік ды іх сяброўка варона Карына, а таксама іншыя цікавыя персанажы — пані Ядзя, Вацлаў Банавентуравіч, дахавік Гюнтэр, сабака Маркіз і кот Базыль — трапляюць у вясёлыя прыгоды, але сапраўднае напружанне і дынаміка адбываюцца ў псіхалагічнай сферы: у камунікацыі сяброў, у стаўленні да свету, у бачанні сябе ў свеце.
Дахавікі нікога не падбухторваюць на кепствы, яны самі іх робяць: правяраюць тэхніку бяспекі тыцканнем пальцаў у разетку, кіруюць аўтамабілем без правоў (у творы многа рэалій нашага жыцця, аж да камп’ютара і інтэрнэту). Аўтар закранае пытанні і праблемы, якія ў розным узросце бачацца па-рознаму: дзе дзіця пабачыць несправядлівасць, дарослы — карупцыю, а пытанне пра існаванне Бога акрэсліваецца праз разуменне адзіноты і не-адзіноты. Пісьменнік закранае такія побытавыя і светапоглядныя пытанні, якія бацькам добра было б абмеркаваць з дзецьмі, скарыстаўшы чытанне кнігі як нагоду.
Аксана БЯЗЛЕПКІНА, «Звязда»