Зорная казка
Слухайце, мае дарагія, я раскажу вам казку пра Вялікую Мядзведзіцу. Жыве яна за высокімі-высокімі гарамі. Ды яна за іх большая: калі выпрастаецца на ўвесь рост, з-за гор вытыркаецца чорная калматая галава і засланяе сонца. А калі Мядзведзіца падымае ўгору лапы, то дастае імі ажно да неба.
Канешне ж, вы здагадаліся, што Мядзведзіца незвычайная – не з тых, якія жывуць у пушчанскім гушчары, спяць зімой у бярлозе і смокчуць лапу. Яна кожны дзень выпраўляе ў вандроўку па небе хмары. Ноччу яны спяць, зачапіўшыся кудзеркамі за вяршыні самых стромкіх гор. А на досвітку, пакуль сонейка яшчэ не ўстала, Вялікая Мядзведзіца пачынае паліць у печы і гатаваць хмарам сняданак.
Печчу сужыць стары вулкан. Многа мільёнаў гадоў стаіць ён на Зямлі і ўжо ледзь тлее, ледзь дыхае. Але калі Мядзведзіца кідае яму бярэмя дроў і дзьме на вуголле, ажывае і ажно маладзее. У ім разгараецца магутны агонь, і вулкан ахвотна дазваляе Мядзведзіцы ўзгрувасціць на сябе чыгун з варывам.
На сняданак хмаркі прывучаны піць малінавы кампот. Таму на досвітку ў кіпень засыпаюцца маліны. Збірае іх па зарасніках і прыносіць маці дачушка – Малая Мядзведзіца. Яшчэ яна пасвіць і доіць кароў, бо палуднуюць хмаркі сырадойчыкам. І па чарніцы бегае ў лес, што на другім баку гор: на вячэру хмаркі абавязкова папросяць чарнічнага кісялю.
Падсілкуюцца хмаркі – і гайда па небе гуляць. Світанкавыя – малінавага колеру, бо малінавы кампот пілі. Дзённыя – белыя, бо сырадойчыкам ласаваліся. Вячэрнія – сіня-чорныя ад чарніц.
Цэлы дзень без перадыху завіхаюцца Мядзведзіцы ля вулкана-печы. І толькі познім вечарам, калі ўсе вакол паснуць, Вялікая Мядзведзіца вешае на зорныя цвічкі крыштальны коўш, якім налівала хмаркам пачастунак, бярэ за лапу сваю дачушку, Малую Мядзведзіцу, і выпраўляюцца яны на шпацыр па начным небе…
Мне пашанцавала: крыштальны коўш Вялікай Мядзведзіцы вісіць якраз над маім домам. І, бывае, стомленыя працаўніцы, Вялікая і Малая, проста з зорнага шляху спускаюцца ў мой сад і па роснай траве ідуць да возера. Там яны мыюць лапы, чысцяць футры і ціхенька шэпчуцца пра свае клопаты.
А вокны майго дома заўсёды адчынены. Мне чуваць і гаворка Мядзведзіц, і звонкі дотык крыштальнага каўша да зорных цвічкоў, і соннае сапенне здарожаных хмарак.
Калі заплюшчыць вочы і слухаць цішыню, усё гэта пачуеш. А Мядзведзіцы, Вялікая і Малая, прыйдуць у ваш сон. І пачастуюць вас чым-небудзь смачненькім, і пагушкаюць на месяцы, як на арэлях.
Алена МАСЛА