Жаласлівая прынцэса
У Краіне-Дзе-Ніколі-Не-Плачуць жыла-была прынцэса Людвіка Жаласлівая. У гэтай краіне працавалі і зараблялі грошы сур’ёзныя людзі, якія не мелі часу на тое, каб плакаць, але і смяяцца. Прынцэса ж была несур’ёзная, бо шкадавала ўсіх бедных.
Аднойчы прынцэса гуляла па садзе са сваёй фрэйлінай.
– Навошта вы мяне ў лужыну штурхаеце? – сярдзіта казала фрэйліна.
– Прабачце, але вы маглі наступіць вунь на тую зялёненькую жабку.
– Які жах! – сказала фрэйліна і страціла прытомнасць.
Фрэйліна часта губляла прытомнасць, усе да гэтага прывыклі. Таму прынцэса не спалохалася і нават паспела вызваліць з павуціння мушку-зелянушку.
Мушка ўмела гаварыць.
– Дзякуй табе, прынцэса, што выратавала мяне з лапаў гэтага кашлатага павука. За гэта я скажу табе, дзе тваё шчасце. Яго прынясе табе чалавек, у якога на пальцы будзе зялёны пярсцёнак.
– Дзякуй! – сказала прынцэса. – Я і так шчаслівая. У нашай краіне ўсе шчаслівыя. Такі ў нас закон.
– З кім гэта вы размаўляеце, ваша высокасць? – запыталася фрэйліна, якая да гэтага часу ўжо апрытомнела. – З павуком?
– Не, з мушкай, – адказала Прынцэса, якая не ўмела хлусіць.
– Які жах! – прамовіла фрэйліна і зноў страціла прытомнасць. А пасля таго, як ачуняла, пайшла дакладваць каралю Генрыху ХІ Сур’ёзнаму пра паводзіны дачкі.
“Як гэта несур’ёзна, – падумаў кароль, выслухаўшы аповед фрэйліны. – Жабкі гэтыя, жучкі, чарвячкі… Нашаму бізнесу такая жаласлівасць толькі на шкоду. Трэба дачку хутчэй замуж аддаць, каб стала сур’ёзнай”.
Назаўтра перад каралеўскім палацам стаяў натоўп жаніхоў – каралёў ды прынцаў, шыкоўна прыбраных.
Прынцэса мусіла размаўляць з імі пра кошты на рынку і курс валюты. Але яна не марнавала часу і паспела перавязаць лапку параненаму вераб’ю. Гэта заўважылі жаніхі і пачалі паміж сабою перашэптвацца:
– Жаласлівая! На паляванне з ёю не паедзеш. Ваяваць забароніць. Не патрэбная нам такая жонка!
І жаніхі памалу пачалі разыходзіцца. Толькі адзін застаўся, зусім не падобны да іншых. Усяго хараства ў яго было – добрыя і крыху сумныя вочы і маленькія вусікі. За тое жаніхі зласліва празвалі яго каралём Вусенем.
– Выходзь за мяне замуж, прынцэса, – сказаў ён. – Мне цябе шкада.
– Вось як? – здзівілася прынцэса. – Гэта ж я вас павінна шкадаваць, бо я – жаласлівая.
– Пойдзем у маю краіну, Людвіка, – сказаў кароль Вусень, – і я навучу цябе смяяцца і плакаць.
З гэтымі словамі кароль Вусень працягнуў прынцэсе руку, і яна пабачыла на ягоным пальцы зялёненькі пярсцёнак.
“А мне ён і без пярсцёнка спадабаўся, – падумала прынцэса. – У яго добрыя вочы”.
– Ну і выбрала! – здзівіўся кароль Генрых ХІ Сур’ёзны. – Па-мойму, гэта несур’ёзна. Але гэта твой выбар.
І Жаласлівая Прынцэса пайшла следам за каралём Вусенем у ягоную далёкую краіну.
– Чаму вы такі сумны, ваша вялікасць? – спытала яна.
– Млосна мне без слёз і смеху. Але ты не палохайся, што б ні здарылася, – адказваў кароль Вусень.
Падвечар каралю зрабілася зусім блага, і яны мусілі спыніцца ў прыдарожнай карчме.
Уначы ў хворага караля пачаліся сутаргі. Ногі і рукі здранцвелі і сталі нерухомыя. Цела пакрылася шорсткім панцырам. Але на застылым, бы маска, твары ззялі добрыя, крыху сумныя вочы.
Нікога ў жыцці Жаласлівая Прынцэса не шкадавала так моцна. Слёзы закапалі з яе вачэй. Дзве пякучыя слязіны ўпалі на панцыр, і той раскалоўся, бы шкарлупіна яйка. Кароль падняўся з ложка, памаладзелы, бадзёры, прыгожы. Цяпер яго можна было называць не кароль Вусень, а кароль Матыль, бо за плячыма ў яго пералівалася перламутрам пара яркіх крылаў.
“А мне ён і раней падабаўся не менш”, – падумала Жаласлівая Прынцэса.
– У маёй краіне ўсе лятаюць. І кузуркі, і чарвячкі, і людзі, – сказаў кароль Матыль. – Ты таксама станеш там крылатай.
– А мой тата? Мы запросім яго да сябе? – спытала Жаласлівая Прынцэса.
– Абавязкова! – паабяцаў кароль. – Толькі спачатку навучым яго таму, што ўмеем самі.
…Я чуў, што днямі кароль Генрых ХІ атрымаў ліст ад дачкі з Краіны-Дзе-Смяюцца-І-Плачуць. Казалі, што, прачытаўшы той ліст, кароль павёў сябе зусім несур’ёзна: рагатаў і плакаў, як дзіця.
Пятро ВАСЮЧЭНКА