Вандроўка па Волзе
Сёння мы разам з вамі, нашы юныя сябры, адправімся ў вандроўку па вялікай рускай рацэ Волзе. Для гэтага вам патрэбна раскласці перад сабой гэтую карту, узяць кубік, на якім нанесены лічбавыя або кропкавыя абазначэнні ад 1 да 6, і, падкідваючы яго, перастаўляць на тую колькасць кружочкаў, на якую выпала лічба. Перасоўваючыся па цячэнні ракі, вы заадно адкрыеце для сябе шмат цікавых звестак пра знакамітых беларусаў, лёс якіх быў звязаны з Волгай і гарадамі, размешчанымі на яе берагах.
Волга – самая вялікая і паўнаводная рака Еўропы. Яе асноўныя прытокі – рэкі Ака і Кама.
Прыкладна ў ста кіламетрах ад Масквы, каля вёскі Волгавярхоўе Цвярской губерні, з маленькага раўчука пачынаецца вялікая руская рака Волга.
У дзесяці кіламетрах ад горада Рыбінска узвышаецца велічавы гранітны манумент “Волга”. Ён увасабляе маці рускіх рэк у абліччы жанчыны ў шыкоўнай сукенцы з узнятай насустрач нам рукой. У другой руцэ яна трымае чарцёж як сімвал перабудовы вялікай рускай ракі. Каля падножжа пастамента размясціўся буравеснік.
Каля Рыбінска – вялізнае вадасховішча, якое мясцовыя жыхары называюць морам. Яго даўжыня прыкладна 150 кіламетраў, шырыня – 75.
У горадзе Яраслаўлі з 1908 да 1916 года жыў і вучыўся Максім Багдановіч. Тут ён скончыў юрыдычны ліцэй, адсюль паехаў у Мінск.
За Кастрамой у густым цяжкадаступным лесе 360 гадоў назад здзейсніў свой подзвіг рускі селянін Іван Сусанін. Ён на просьбу ворагаў паказаць ім дарогу на Маскву завёў іх у глуш лесу, дзе яны і загінулі. У гады Вялікай Айчыннай вайны подзвіг Сусаніна паўтарыў беларус Іван Цуба.
Горад Чкалаўск названы так у гонар славутага лётчыка-выпрабавальніка Валерыя Чкалава, які праз Паўночны полюс дасягнуў Злучаных Штатаў Амерыкі.
Ніжні Ноўгарад – радзіма пісьменніка Максіма Горкага. Зноў-такі у 1896-1908 гадах тут жыў і вучыўся Максім Багдановіч.
У горадзе Ульянаўску ў свой час працавала ў бібліятэцы вядомая даследчыца творчасці Максіма Багдановіча Ніна Ватацы.
У пасёлку Пячышчы каля Казані ў 1941-1942 гадах жыў народны паэт Беларусі Янка Купала.
У Самары (тады – г. Куйбышаў) у гады Вялікай Айчыннай вайны размяшчаўся беларускі ўрад, тэатр імя Янкі Купалы, іншыя ўстановы нашай рэспублікі. У 1914-1921 гадах у Самарскай губерні разам з бацькамі жыў беларускі пісьменнік Піліп Пестрак.
У час Вялікай Айчыннай вайны ў пераломнай бітве пад Сталінградам (цяпер – г. Валгаград) удзельнічалі беларускія пісьменнікі Іван Новікаў, Максім Лужанін, Аляксей Кулакоўскі, Пятро Рунец, Анатоль Вялюгін.
Тут, у горадзе Астрахані, распадаючыся на некалькі рукавоў, Волга ўпадае ў Каспійскае мора.
Наш слоўнік
Вандроўка — путешествие