Свята колераў “Вясёлкі”
Свята колераў “Вясёлкі”
17 красавіка 2012 года з 13.00 да 16.00 у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі (праспект Незалежнасці, 116) збяруцца чытачы, аўтары, сябры старэйшага, адзінага беларускамоўнага дзіцячага літаратурна-мастацкага часопіса “Вясёлка” з нагоды яго 55-гадовага юбілею, які супаў з Годам кнігі.
Усе госці свята, асабліва дэлегацыі нашых чытачоў з усіх абласцей рэспублікі атрымаюць амаль сапраўдныя камандзіровачныя грошы — вясёлікі. Перад пачаткам мерапрыемства, за вясёлікі можна будзе самастойна выбраць і набыць сувенір на памяць аб урачыстым святкаванні.
Гарэзлівую атмасферу свята створаць клоўны, мімы, двухмятровыя хадулісты, вялізныя лялькі, сярод іх можна будзе адшукаць галоўных герояў часопіса – Васю Вясёлкіна і Васілінку.
Прапануем патанчыць каля самага высокага ў свеце вадаспаду — Анхель.
Пачнецца святочная праграма крэатыўнай відэа-справаздачай, на якой шмат хто з прысутных знойдзе і пазнае сябе, паўдзельнічае ў цікавых інтарактыўных гульнях.
Адным з цікавых момантаў свята будуць шоў уладара мыльных бурбалак Пеці Федарцова, зорак беларускай эстрады, прывітальная песня галоўнага Дзеда Мароза краіны Уладзіміра Радзівілава.
Сапраўдным залатым медалём імя Васіля Віткі, заснавальніка часопіса “Вясёлка”, будуць узнагароджаны слынныя пісьменнікі, даўнішнія аўтары выдання – Раіса Баравікова і Расціслаў Бензярук. Персанальную прэмію галоўнага рэдактара Уладзіміра Ліпскага атрымаюць вучні Наташа Сакалянская і Дзіма Быкаў.
Свае музычныя падарункі да юбілею падрыхтавалі заслужаныя аматарскія калектывы, а таксама маленькія рок-зоркі.
У фінале мерапрыемства ўсіх гасцей чакае “Вясёлы торт” створаны спецыяльна для юбілейнага 55-гадовага свята каляровай “Вясёлкі”, прэмера гімна часопіса “Вясёлка”, распрацаванага адукацыйна-прадзюсерскім цэнтрам “Аванці”.
Кожны госць Свята колераў “Вясёлкі” атрымае падарунак ад часопіса і зможа пад час аўтограф-сесіі ўзяць памятны аўтограф у пісьменнікаў, мастакоў, якія кожны месяц на працягу вось ужо 55 гадоў пракладваюць першую сцяжынку да пазнання сваёй Айчыны, да разумення прыгажосці роднай мовы, багацця гісторыі і культуры сваёй Айчыны і ўсяго свету
Давайце сэрцам прызнаем адну простую ісціну: дзеці – людзі як і мы, дарослыя. Больш таго, яны – наша надзея, наш гонар, наш галоўны клопат. А яшчэ яны – нашы суддзі, настаўнікі і нашчадкі. Яны толькі ростам маленькія, а маюць амаль усе якасці дарослых. У іх, як і ў прыроднай вясёлцы, – розныя колеры: аранжавы, чырвоны, блакітны, зялёны, фіялетавы, жоўты, сіні.
Установа “Рэдакцыя часопіса “Вясёлка”
Адрас: вул. Кальварыйская, 25, 220073, г. Мінск
Тэл./факс: (017) 200 92 61, (017) 200 81 92
Сайт: http://www.veselka.by/
e-mail: Vyaselka2011@yandex.ru (рэдакцыя)
veselka.by@gmail.com (адмiнiстрацыя сайта)