Крышку пра кніжку
Сяргея Панізніка, паэта і празаіка, даўно ведаюць юныя чытачы. Ён аўтар кніжкі “Золкія зёлкі”, у якой сабраны вершы для дзяцей малодшага школьнага ўзросту. Падрыхтаваў для друку дзесяць зборнікаў гістарычнай літаратуры пад назвай “Бацькаўшчына”. Прымаў удзел у выданні шматтомнай “Бібліятэкі дзіцячай літаратуры народаў СССР”. Вядомы як укладальнік кніг пра Францыска Скарыну, Кастуся Каліноўскага, Максіма Багдановіча, Янку Купалу і Якуба Коласа.
Добры падарунак дзецям – новы зборнік вершаў “Літары ў расе”. Разам з аўтарам чытачы наведаюць Мінск і Нясвіж, Навагрудак, Полацк і Тураў, праплывуць па Свіслачы і Дзвіне, пабываюць у замежных гарадах, даведаюцца, ці ёсць жыццё на Марсе. А яшчэ, пэўна ж, зацікавяцца мінулым свайго роду, сваёй сям’і – і адкрыюць слаўныя імёны продкаў, блізкіх і далёкіх. З радаводным дрэвам умацуецца сувязь пакаленняў, “кожны стане – крэўным, каб карэнні не забыць, крону звонкую любіць”.
У вершах Сяргея Панізніка шмат сонца і блакіту, вясёлкавых колераў. Запамінаюцца мастацкімі вобразамі, настройваюць на адпаведны лад вершы сур’ёзныя і вершы з усмешкай, дасціпныя, як байкі. Ашчадна і дбала, як бурштын, шліфуецца ў радках кожнае слова.
Літары ў расе купаю,
бы купальскія вянкі.
Мову звонкую ўздымаю
ад зямлі да небакраю.
Асобныя вершы – сюжэтныя, чытаюцца як казкі: звяры і птушкі, дрэвы і расліны ў іх сябруюць, размаўляюць, вучаць нас дабрыні і мудрасці.
Як песня любові да мілай сэрцу Беларусі гучыць верш “Салаўіныя сыны”:
Хачу і я за салаўя
Быць у цябе, Краіна.
Табе – уся любоў мая
І салаўя, і сына.
Сяргей Панізнік аздобіў кніжку “Літары ў расе” сваімі фотаздымкамі і малюнкамі.
Мікола Маляўка