Андрэй за ўсіх мудрэй
Жыў дапытлівы хлопец Андрэй. Куды ні зірне, што ні ўбачыць, пра ўсё людзей распытвае. Плывуць па небе аблокі. Адкуль яны ўзяліся? Чаму ў птушак ёсць крылы і яны ўсюды вольна лятаюць, а ў чалавека няма крылаў? Людзі адказвалі яму, ды бачаць, што і самі не ведаюць.
– Ты, Андрэй, хочаш быць за ўсіх мудрэй, – сталі людзі над ім смяяцца. – Ды няўжо можна ўсё ведаць?
Але не верыць Андрэй, што нельга ўсяго ведаць.
– Пайду, – кажа, – да самога сонца, яно ўсюды свеціць, усё бачыць, усё ведае. Вось і раскажа, чаго я сам не ведаю.
Пакінуў Андрэй сваю хатку і пайшоў шукаць тое месца, куды сонца на начлег садзіцца. Ідзе, ідзе, бачыць: сядзіць каля дарогі на камені чалавек і ўсіх пытае: «Ці доўга мне тут сядзець? » Андрэй таксама нічога не мог адказаць. Пайшоў ён далей. Бачыць: падпірае чалавек плячамі плот. Андрэй спытаў, навошта той гэта робіць, а чалавек і адказаць нічога не можа. Прайшоў яшчэ трохі, глядзіць: чалавек у смецці корпаецца. Спытаў прычыну, а той і сам не разумее. Пайшоў Андрэй далей і трапіў у дрымучы лес. Ішоў доўга, пакуль не выйшаў на паляну. І тут яму раптам вочы так і асляпіла: бачыць – палац агнём палае. Гэта сонца спусцілася на начлег. Выслухала яно Андрэя і сказала:
– Мне вучыць цябе няма часу. Але я зраблю так, што ты сам пра ўсё даведаешся.
Сказала яно так, сабрала ўсе свае праменні ў адзін пучок і сыпнула Андрэю на галаву. І ён уміг адчуў, што стала ў яго галаве ясней і святлей. Узрадаваўся і пайшоў дахаты. На зваротным шляху сустрэў чалавека, што ў смецці корпаўся.
– Ты, – сказаў Андрэй, – шукаеш у смецці страчаныя капейкі і дарма толькі час марнуеш. Вазьміся лепш за працу – хутчэй заробіш тое, што страціў.
Паслухаў яго чалавек, пачаў працаваць і нажыў дабро і грошы. А чалавеку, які падпіраў плот, Андрэй параіў зрабіць новы. Паслухаўся яго чалавек і паставіў замест гнілога новы плот. Дайшоў разумны хлопец і да чалавека, які на камені сядзеў. Андрэй яму сказаў:
– Не будзь такім прагным: дай пасядзець на гэтым камені іншым вандроўнікам.
І чалавек пабег задаволены дадому.
Адпачыў Андрэй на камені, а потым з новымі сіламі хутка дайшоў да роднай хаты. І столькі добрых парад даў сваім аднавяскоўцам, што яны зразумелі: чалавек можа шмат чаго ведаць, але да гэтага трэба імкнуцца так, як гэты хлопец. Таму і празвалі яго з пашанай Андрэй за ўсіх мудрэй. Цяпер не ён аб усім распытвае, а людзі ў яго.
Слоўнічак
Палац – дворец
Прагны – жадный
Парада – совет
Дапытлівы – любознательный
Спасибо уверена 10 будет по бел.лит. продолжайте в том же духе)))