П’еса-казка «Дзедавы сувязныя»
Мікола ЗАХАРАНКА
ДЗЕДАВЫ СУВЯЗНЫЯ
П’еса-казка
СКАМАРОХ, ДЗЕД, БАБА, УНУЧАК, УНУЧКА, МЯДЗВЕДЗЬ, ВОЎК, ЛІСА, ЗАЯЦ.
СКАМАРОХ. Жылі-былі дзед ды баба на ўскрайку дрымучага лесу. І ў іх былі ўнучак ды ўнучка. Жылі прыпяваючы, гора не маючы, аж пакуль аднойчы дзед не пайшоў у той самы дрымучы лес. Пайшоў – дый знік. Тры дні не было дома. Яго й зараз няма (паказвае на сцэну). Бачыце, баба і ўнукі месца сабе не знаходзяць.
БАБА(плача-прычытвае). Дзе ж ты дзеўся, дзеду мой? Можа, цябе ўжо жывога няма на свеце.
УНУЧКА (падхоплівае). Можа, у балоце заграз!
УНУЧАК. А можа, палез на дуб – у дупле мёд шукаць? Ды зваліўся, нагу зламаў!..
Уваходзіць дзед і нейкі час слухае размову.
ДЗЕД. Вось я, жывы і здаровы. А да вас я сувязных пасылаў. І мядзведзя, і ваўка з лісой, і зайца… Атрымліваецца, што мяне сябры падманулі… Дай, баба, ручнік, пайду да калодзежа, сцюдзёнай вадой абальюся.
Дзед бярэ ручнік, выходзіць. У хату ўвальваецца мядзведзь.
МЯДЗВЕДЗЬ. Здаровы былі! (Сядае на лаўку.) А я ад вашага дзеда. Пераказваў, каб не хваляваліся: ён затрымаецца ў ляснічага па пільнай справе.
БАБА (з іроніяй). Дзякуй, паночак, што гэтак спяшаўся. У самы час паспеў.
Уваходзяць ліса і воўк.
ЛІСА. Дзень добры ў хату! А мы ад вашага дзеда.
ВОЎК. Казаў, каб не хваляваліся, затрымаецца ў ляснічага па пільнай справе.
БАБА (з’едліва). Дзякуй, паночкі. То дзед наш жывы?
ЛІСА І ВОЎК (разам). Пазаўчора быў жывы!
Убягае заяц.
ЗАЯЦ. Ой, ой, замарыўся! А я ад дзеда да вас. Казаў, каб не хваляваліся, затрымаецца ў ляснічага…
БАБА (падхоплівае). Па пільнай справе! Дзякуй, заяц. То дзед наш жывы?
ЗАЯЦ (сумеўшыся). Учора быў жывы…
Уваходзіць дзед. Звяры ў вялікім здзіўленні ўскокваюць з лавы.
МЯДЗВЕДЗЬ. Дзед! Як так атрымалася, што ты раней за нас абярнуўся?
ДЗЕД. Мяне ляснічы падвёз. А вось як сталася-атрымалася, што мае сябры мяне падманулі? Ці не сорамна вам?
МЯДЗВЕДЗЬ. Сорамна, дзед. Даруй, загулялі.
ВОЎК, ЛІСА, ЗАЯЦ (па чарзе). Даруй нам, дзед!
ДЗЕД. Мне – што? Я дарую… А ці даруюць яны? (Паказвае на бабу з унукамі.)
БАБА (падумаўшы). Добра. Калі будзеце тры дні і тры ночы байкі мне баяць – тады дарую. (У залу.) Вельмі байкі люблю.
МЯДЗВЕДЗЬ (пашаптаўшыся з сябрамі). Мы згодныя, баба. Толькі я мядзведзіцы патэлефаную, каб не хвалявалася.
ВОЎК, ЗАЯЦ, ЛІСА (разам). І мы сваім – таксама.
Дастаюць з кішэняў мабільнікі і наперабой тэлефануюць. Музыка заглушае іх дыялогі.
БАБА. Бачыш, дзед, як яны клапоцяцца пра сваю радню? Не тое, што ты.
ДЗЕД. І я клапаціўся б, каб у мяне быў мабільнік.
МЯДЗВЕДЗЬ (раптам). А я табе, дзед, свой мабільнік падару. Будзеш бабе тэлефанаваць.
ДЗЕД (уздыхае). Калі б у бабы быў мабільнік, я канешне, тэлефанаваў бы.
ЛІСА (павагаўшыся). А я свой бабе падару!
ВОЎК (павагаўшыся). А я – унучку.
ЗАЯЦ. А я, а я… А я – унучцы. Ура!
Зачараваныя баба з дзедам разглядаюць падарункі, дзякуюць.
БАБА (спахапіўшыся). А як жа самі будзеце, дзедавы сувязныя?
МЯДЗВЕДЗЬ. Нам ляснічы новыя выдасць.
ЛІСА (з надзеяй). Дык, можа, мы, баба, пойдзем?
БАБА. Ідзіце, калі гэтак лянуецеся бабе байкі баіць.
Звяры, унучак і ўнучка з радаснай гаманой выбягаюць.
ДЗЕД (услед). Не забывайцеся, тэлефануйце!
БАБА. Каб мы з дзедам не хваляваліся!