Валёнкі
Четверг, 29.03.2012 12:31. Рубрика: Вершы
Алесь Камароўскі
Валёнкі
Ад сястрычкі ад Алёнкі
Падарунак мне – валёнкі,
Не з тканіны шытыя,
А валёнкі бітыя,
Пэўна, з воўны літыя.
Эх і самавітыя!
Не вялікія, а ў меру,
Сорак першага памеру.
І пачуў я ад Алёнкі:
– Хай жа радуюць валёнкі,
З імі будзь заўжды здаровы!..
Вось бягуць яны па дровы,
То спяшаюць па ваду,
Да сяброў мяне вядуць.
Эх і ўдалыя валёнкі!
Я імклівы ў іх і лёгкі,
І, здаецца, нават лоўкі,
Шлях адольваю далёкі,
Хоць мароз страляе звонкі.
За ракой – падлесак гонкі,
Там зайцы спраўляюць гонкі.
Я ім радасна галёкну:
– Гэй, зірніце на валёнкі!
Можна ў іх – наперагонкі…
І зайдросціць ім сама
Беласнежная зіма,
А мне сіверам у плечы
Дзьме і цісне, каб укленчыў.
Мае ж ногі – як на печы,
На гарачым чаране –
І зіма не страшна мне.