Сакавік на Палессі
Среда, 28.03.2012 17:25. Рубрика: Вершы
Іосіф Рогаль
Сакавік на Палессі
Зноў паводка з весняй сілай,
Як у люстры, творыць цуд:
У вадзе перакуліла
І лясы, і неба тут.
Хаты быццам збеглі з вёскі,
Каб схавацца ў глыбіні,
А ля гэтых хат бярозкі
І ўгару растуць, і ўніз.
Вербам лісце толькі сніцца,
Ды на іх пасля дажджу
Залацяцца завушніцы –
Цешаць вочы і душу.
У зацішку цёмным гусі
Абудзіліся ад сну
І на волі славяць гучна
Госцю раннюю – вясну.
Вецер весела гайдае
Леташні пажоўклы ліст,
Ім на хвалях ён іграе,
Як мяхамі гарманіст.
Ды вада рачная зноўку
Хутка ўвойдзе ў берагі,
І зялёнаю абноўкай
Нас парадуюць лугі.
Запяюць маторы ў полі
Там, дзе снег апошні знік,
Годна так, па Божай волі,
Трон свой зойме красавік.
З рускай мовы пераклаў
Мікола Маляўка.