Сонечная паляна, або Прыгоды Вожыка и Зайца ў дзівосным лесе (працяг)
Пачатак тут
6. Час верыць
Заяц таксама нічога не рабіў. Ён сядзеў ля таго месца, дзе пачаў было капаць норку, і пра нешта думаў. Ужо і змрок стаў згушчацца. Яму стала вельмі журботна. Нарэшце ён падняўся і пайшоў да маладога ельніку.
На палове шляху Заяц сустрэў Вожыка.
– А я да цябе іду, – проста сказаў Заяц. – Не ўмею я доўга крыўдзіцца. І сумна зусім. Парася бегла, сказала, што нікому верыць не трэба, так усе тут жывуць. Хто лепш за ўсіх абдурвае – таму і лепш. А потым Вавёрка спусцілася, сказала, што Парася – ілгун і ашуканец. І толькі яна сумленная на гэтай паляне. Чаму яны такія?
– Я не ведаю… – уздыхнуў Вожык. – Я таксама да цябе іду. Да мяне Барсучаня прыходзіла, і Вялікая Мыш… Яны мне таксама сябраваць прапаноўвалі, і вось гэтак жа аб іншых казалі, як і Парася, і Вавёрка… А навошта падманваць?.. Не Сонечная гэта паляна, хоць тут і сонца свеціць, і кветак шмат, і ягад… Я вось падумаў, мы з табой з-за ягад пасварыліся і забыліся, для каго паляну шукалі, навошта па лесе блукаем…
– А… мне Лісяня казала, што ты больш за мяне ягад знайшоў і без мяне іх з’еў… І што месца ты лепшае выбраў, – асцярожна сказаў Заяц.
– А мне Лісяня сказала, што ты спецыяльна, калі знаходзіў цотны лік ягад, адну з’ядаў, каб я ў цябе ў даўжніках заставаўся, – усміхнуўся Вожык. – І гэта ты месца лепшае выбраў.
– Вось яно што… А мы адзін на аднаго думаць пачалі…– усміхнуўся і Заяц і вельмі ціха, саромячыся крыху, дадаў: – Ты прабач мяне, што я пра цябе дрэнна падумаў.
– І ты мяне прабач, – з палёгкай выдыхнуў Вожык. – Я таксама Лісяняці амаль паверыў і падумаў, што ты мяне абдурыць можаш. Давай далей заўсёды, калі раптам засумняваемся, усё адзін у аднаго пытаць.
– Мы будзем аб усім прама пытаць адзін аднаго! – як клятву, вымавіў Заяц і паціснуў працягнутую лапу сябра.
– А зараз пойдзем разам пад ялінкі, там я лісця назбіраў, будзе мякка спаць, – прапанаваў Вожык.
– А раніцай? – спытаў Заяц.– Давай назад пойдзем, – прапанаваў Вожык. – Не Сонечная гэтая паляна, зусім не такая, аб якой казаў дзядуля Крумкач…
Раніцай, з першымі праменямі сонца Вожык і Заяц сыходзілі з паляны. Яна яшчэ была пустая, зіхацела пад сонцам кропелькамі расы на кветках і траве. Ах, якой прыгожай яна была! І як не хацелася яе пакідаць…
Знаёмая сцяжынка вяла іх назад, да іх Елкі. Колькі крокаў ступілі, як прама перад імі апынуўся кусцік суніц. А на ім – тры сакавітыя, вялікія–вялікія, чырвоныя, духмяныя ягады!
– Ізноў тры ягады ў нас на шляху, – задумаўся Вожык. – Цяпер ты, Заяц, еш дзве ягады, а я – адну.
– Не буду я больш за цябе ягад есці, – адмовіўся Заяц.
– А як жа нам тады падзяліць тры на два?
– Не ведаю…– І я не ведаю. Вось калі б з намі хто трэці быў… – уздыхнуў Вожык.
– Ура! Прыдумаў! – крыкнуў радасна Заяц. – Трэці потым прыйдзе.
– Дзе? Калі? – не зразумеў Вожык.– Ды ўсё ж проста! Мы з’ямо па адной ягадзе – а адну пакінем! Хай яшчэ нехта ёй паласуецца!
– І праўда, – узрадаваўся Вожык. – Зусім у мяне думкі блытаюцца, калі перад сабой салодкае і смачнае бачу! Малайчына, Заяц!Сябры сарвалі дзве ягады, з’елі – а адна засталася на галінцы. Яны адыходзілі ад гэтага кусціка суніц радасныя, што так проста аказалася знайсці рашэнне: усяго трэба было падумаць аб тым, хто ідзе за табой…
Зваротная дарога была доўгай-доўгай. Неўзабаве на неба напаўзлі хмары, стаў церусіць дожджык. Згубілася сцяжынка ў траве, сябры заблукалі. Цэлы дзень яны, галодныя, прамоклыя, хадзілі па незнаёмым лесе.
Сябры ўжо амаль страцілі надзею дайсці да Елкі да таго часу, пакуль не стане цёмна, калі Елка паўстала наперадзе – магутная, такая знаёмая ім, якая стала крышку роднай. Яны з палёгкай забраліся пад густыя лапы.
– Ты чуеш, Заяц, як спявае Елка? – ціха спытаў Вожык у сябра.
– Чую, – шэптам адказаў Заяц. – Толькі мне цяпер стала вельмі сумна ад гэтай песні. Быццам у мяне было раней нешта такое добрае-добрае, вельмі важнае, , а я яго страціў.
– І мне, – прызнаўся Вожык. – Нават плакаць хочацца…7. Моцны слабаму не таварыш?
Раніца наступіла – волкая і хмурная. Вожык і Заяц так прывыклі да моху пад старой елкай, што яна ў гэтую раніцу падалася ім сваёй хаткай. Яны абышлі елку далей і ўбачылі яшчэ адну сцяжынку. Адразу ў яе пачатку чуць збоку біла з зямлі крыніца і бег невялікі раўчук у глухі лес. А крыху далей невялікая паляна была высланая кусцікамі суніц – з самай звычайнай, не вельмі буйнай, але салодкай і сакавітай ягадай.
– Вось гэта напэўна і ёсць сцяжынка на самую сапраўдную сонечную паляну, – узрушыўся ад убачанага Заяц. – Нічога дзіўнага, і сцяжынка не роўная, і без тых сакавітых ягад…
Тым часам дожджык імжыў і імжыў – сумны і надакучлівы. Было няўтульна і холадна. Лес вакол быў самы звычайны: вельмі нават падобны на іх родны лясок, вось толькі і тут Вожык, які ва ўсім сумняваўся, угледзеў для сябе адно дзівацтва і падзяліўся ім з сябрам:
– Лес нейкі вельмі чысты… Глядзі, ні кустоў маладых, ні дрэўцаў малых… Толькі дрэвы стаяць усе рослыя, моцныя…
– Ды ну цябе, – адмахнуўся Заяц. – Вечна ты ўсяго напрыдумляеш.І тут цуд – мінулі яны яшчэ колькі метраў і ўбаку ад сцяжынкі раптам зайграла белым і зялёным з чырвонымі кропкамі ягад сунічная паляна. А трохі далей па ледзь чутнаму цурчанню знайшлі яны чысты раўчук. З задавальненнем паелі ягад, папілі чыстай вады. А тут і дождж перастаў, і неба стала святлець.
– Можа, блізка ўжо паляна? – з надзеяй услых памарыў Заяц. – Хай бы яна была самай простай палянай…
– Можа і блізка, можа, і будзе…, – прабурчаў Вожык. – Не падабаецца мне…– Усё табе не падабаецца, калі ягад мала, – са смехам папракнуў Заяц Вожыка. – Пайшлі…
А сцяжынцы, здавалася, не будзе канца. Яна ўсё бегла і бегла скрозь нейкі вельмі правільны лес: тут усе дрэвы былі амаль аднолькавымі па вышыні і таўшчыні. Калі сябры стамляліся так моцна, што, здавалася, вось-вось зваляцца, раптам ізноў перад імі апыналася сунічная паляна і раўчук з халоднай чыстай вадой. Тут сонца цалкам вызірнула з-за хмар, і адначасова перад разгубленымі ад нечаканасці сябрамі адкрылася прасторная, залітая ўся залатым сонечным святлом паляна.
– Мы дайшлі, Вожык! Мы знайшлі паляну! Глядзі, тут няма ніякай агароджы! Тут усё гэтак жа, як і на любой іншай лясной паляне.
– Ага, усё звычайнае, – адказаў без радасці Вожык. – Вунь і гаспадары паляны нас сустракаюць… як звычайна…Насамрэч, насустрач Зайцу і Вожыку з паляны выйшлі Медзведзяня, Ваўчок і Янот.
– Дабры дзень! – паспяшаўся прывітацца з імі Заяц. – Нашу родную паляну вось ужо некалькі месяцаў запар залівае дождж. Мы шукаем у лесе Сонечную паляну.
– Мы ўжо некалькі дзён шукаем , – дадаў Вожык. – Можа, вы прымеце нас і нашых сяброў – тых, хто застаўся там, і чакае нас з добрымі весткамі…– Вядома, – кіўнуў Ваўчок.
– Нам заўсёды цікава, калі хтосьці да нас прыходзіць, – сказала і Медзведзяня. – А з кім з нас вы будзеце біцца?– Навошта біцца? – разгубіўся Заяц.
– Каб пазнаць, хто за каго мацнейшы і потым займаць сваё месца на нашай паляне, – цвёрда сказаў Янот. – Такое правіла.– Як жа адразу біцца? – здзівіўся Вожык. – І можна проста дужацца, калі ў вас такія правілы.
– Адразу біцца – гэта і ёсць адно правіла, – растлумачыў Ваўчок. – А дужацца ў нас не прынята – у нас ніякіх правілаў больш няма.– Калі вы біцца не жадаеце, я вам адразу месцы дам, – загаварыла Медзведзяня. – Ты, Заяц, пойдзеш да мяне ў сакратары. Ты хутка бегаеш, вось і будзеш у мяне прыглядаць за ўсімі астатнімі. Я табе дам ручку і сшытак: запісваць, хто правініўся…
– А я Вожыка да сябе вазьму, – заспяшаўся Ваўчок. – Ён калючы, добра ягады ахоўваць будзе. Замест калючай агароджы.– Не буду я калючай агароджай! – засоп Вожык. – І Заяц паслугачом не будзе бегаць. Мы – вольныя звяры…
– Ну, значыць, біцца! – падвёў рысу Янот. – Пайшлі ўсе на паляну.І ўсе пайшлі на цэнтр паляны, ведучы з сабой Зайца з Вожыкам. А на самой паляне колам ужо сабралася мноства самых розных звяроў.
– Ціха ўсім! – закрычаў гучна Янот. – Да нас прыйшлі Заяц і Вожык. Яны хочуць жыць з намі на нашай паляне. У нас адно правіла: кожны сваё месца ў бойцы атрымлівае, і хто каго пераможа, той і яго жыллё займае. Заяц і Вожык, глядзіце: вы можаце біцца, пачынаючы або з самых слабых, або з наймацнейшых. Медзведзяня ўсіх у бойцы перамагло – хто яго адолее, то яго месца зойме. Потым Ваўчок. Потым Барсук, потым я і далей усе астатнія. Хто з вас першы біцца будзе і з кім?
Заяц і Вожык маўчалі, аглушаныя пачутым.
– Ну, чаго маўчыце? Хто першы пачынае? – усё прыспешваў Янот.
– Не будзем мы біцца! – нечакана ўпарта сказаў Вожык.– Як гэта не будзеце? – здзівіўся Янот. – Усё, вы на нашай паляне, у нас – адно правіла: біцца!
– Адно, кажаце, правіла? – раптам хітра прыжмурыўся Вожык. – А ўсё астатняе без правіл?– А астатняе без правіл, – зарагатала Медзведзяня. – Дазволена!
– Калі так, мы з табой, Медзведзяня, біцца будзем!– Ты – са мной? Ой, трымайце мяне!
– Не я з табой – а мы з табой! – тупнуў Вожык па зямлі. – Мы ўдваіх з Зайцам зараз з табой біцца будзем!На паляне наступіла замяшанне. Янот разгублена круціў галавой па баках, пазіраючы то на Ваўчка, то на Медзведзяня.
– Нельга двое на аднаго…
– Не хлусі, паласаты! – выгукнуў Вожык. – Хто сказаў, што правіла толькі адно – хто перамог, той і галоўней? Ты сказаў. А мы ўдваіх з Зайцам – сябры! Мы ёсць той самы адзін «хто». Ну, дык бараніся!Медзведзяня разгубілася. З адным Зайцам яно б без праблемы ўправілася, ды і з Вожыкам таксама. Але іх двое будзе…
– Ну, што, Медзведзяня, выходзь у цэнтр, – стаў клікаць Вожык.
– Правальвайце лепш, куды ішлі! – загыркала Медзведзяня. – Мы вас не прымаем. Ідзіце, куды ішлі!– Ну і пойдзем, – ані не засмуціўся Вожык, якому хоць і было страшнавата, але з Зайцам ён пачуваў сябе спакойней.
А потым ён звярнуўся да звяроў, што абступалі вакол паляну:
– Гэй, звяры: само Медзведзяня сказала, што на паляне адно правіла: хто перамог, той і мацней. А гэта значыць, што не адной Вавёрцы супраць яго можна ісці, а ўсім адразу! Калі вы ўсе разам станеце адным – хай тады паб’юцца Медзведзяня і Ваўчок!
– Калі хто жадае з намі ісці – пайшлі, – дадаў Заяц. – Мы шукаем сапраўдную Сонечную паляну: на якой не бывае боек і ніхто там нікім не кіруе, дзе не бывае хітрасці і зману, дзе кожны можа пабудаваць сабе сваю асобную хатку і рабіць тое, што яму падабаецца – галоўнае, каб не рабіць дрэнна іншым. Хто з намі?
Але ніхто са звяроў вакол не адклікаўся.
– Хадзем, Заяц, – нявесела паклікаў Вожык. – Ізноў мы памыліліся…
Іх праводзілі самымі рознымі поглядамі: хто са страхам, хто са шкадаваннем, хто з абыякавасцю. Але заўважылі сябры, што былі сярод усіх і позіркі захаплення.
Працяг чытайце заўтра!
узята з kazki.by