Сонечная паляна, або Прыгоды Вожыка и Зайца ў дзівосным лесе (працяг)
Пачатак тут
5. Ягады няверы
Раніца была змрочнай і халоднай, і ніяк не хацелася вылазіць з цёплага сухога моху. Дажджу амаль не было, толькі вісеў у паветры вадзяны пыл, ды ранішні вецер зрываў з галінак дрэў вялікія кроплі, і тыя гучна пляскаліся на мокрую зямлю.
– Куды мы зараз пойдзем? – спытаў Заяц, калі яны прачнуліся і сядзелі, узіраючыся ў глыб лесу.
– Мы пайшлі шукаць з табой паляну, – адказаў Вожык. – Такую сонечную, каб усім было на ёй добра. Бачыш, дождж ніяк не канчаецца… Пойдзем, далей абыдзем нашу Елку – там павінна працягвацца наша сцяжынка. Тая, якая прывяла нас сюды.
Так і атрымалася – абышоўшы трохі вакол ствала елкі, сябры ўбачылі яшчэ адну сцяжынку.
Гэтая сцяжынка была падобная на самую звычайную сцяжынку ў лесе: віхляла між дрэвамі, аббягала кусты, месцамі здзірванелая, дзе і перагароджаная старым дрэвам, што звалілася ад моцнай буры …
Не прайшлі Заяц з Вожыкам і колькі дзесяткаў крокаў, як ля самай сцяжынкі ўбачылі кусцік суніц!
– Ягады!
Тут яны ўспомнілі, што вельмі хочуць есці. Ягады на кусціку былі ўсе такія спелыя, усе адна ў адну, усе пяць! І проста велізарныя!
– А як мы іх дзяліць будзем? – спытаў асцярожна Вожык. – Не дзеліцца пяць напапалам…
– Ты з’ядай тры, а я – дзве, – проста адказаў Заяц, ведаючы, як яго сябар любіць суніцы – сапраўдны ласун! – Гэта ж мы толькі адзін кусцік убачылі, а яшчэ будуць!
І праўда, праз некалькі крокаў ізноў ля самай сцяжынкі маленькімі агеньчыкамі гарэлі пунсовыя ягады суніц. Цяпер іх было чатыры.
– Ну вось, гэтыя добра на дваіх дзяліць, – узрадаваўся Заяц.
– Добра то добра, але ўсё роўна я табе павінен атрымліваюся, – заўважыў Вожык.
– Тады пайшлі далей! Вунь, глядзі, яшчэ наперадзе суніцы!
То яшчэ быў кусцік з салодкімі ягадамі. Як весела было ісці: нібы не ў далёкі шлях сабраліся сябры, а выйшлі паесці смачных ягад. Лес павесялеў па баках, менш было ў ім змрочных дрэў. А галоўнае – неба амаль выпагадзілася, ужо не цёмныя хмары віселі над дрэвамі, а светлыя аблокі, і чым далей ішлі па сцяжынцы сябры, тым святлей яны рабіліся. І дождж перастаў!
– Дзіўныя якія ягады, – раптам заўважыў Заяц. – Усе такія аднолькавыя-аднолькавыя… І больш ні аднаго кусціка не было, каб там тры або пяць ягад было…
– Нічога дзіўнага няма, – адказаў Вожык, аблізваючыся. – Ці ты так перажываеш, што на адну ягаду я больш з’еў?
– Вось яшчэ, – чмыхнуў Заяц… – Стану я хвалявацца… А ягады ўсё роўна дзіўныя, як зробленыя спецыяльна.
– Вось, значыць, нехта добра іх зрабіў, – задаволена ўсміхнуўся Вожык, які больш за ўсё на свеце, мусіць, і любіў ягады…
– Гэта таму, што мы за імі добра глядзім! – раптам раздаўся голас з-за кустоў і на сцяжынку выйшла Лісяня. – Добры дзень! Вы да нас ідзяце?
– А да вас – гэта туды, дзе ягад такіх шмат-шмат? – спытаў Вожык.
– Так. Такіх ягад у нас шмат. Таму што ў нас вялікая і светлая паляна, нам усе зайздросцяць!
– Ура, Заяц, мы дайшлі! – узрадаваўся Вожык. – А нам можна там жыць? – спытаў ён у Лісяня.
– Хадзем, я вас правяду. Я тут пачуў, што ў вас праблема адна ёсць…
– Ды якая праблема, – усміхнуўся Заяц. – Вожык на адну ягаду больш з’еў, мы ніяк не можам кусціка знайсці, каб там было тры або пяць ягад.
– Ну, паміж сябрамі ўсё павінна быць пароўну! – цвёрда заўважыла Лісяня, а Вожык тут жа нахмурыўся і засоп. – Але гэта не праблема, – працягвала Лісяня. – Адзін ідзе па тым боку сцяжынкі, другі – па гэтым. Так ні аднаго кусціка не прапусціш…
– Вось гэта правільна! – узрадаваўся Вожык і першы трохі паглыбіўся ў лес ад правага боку сцяжынкі.
А Заяц узяў лявей. Лісяня некаторы час ішло па сцяжынцы, потым падышло да Вожыка.
– Слухай, калючы, вось я табе што скажу, – ціха загаварыла Лісяня. – Вось ты ж не заўсёды бачыў, калі Заяц кусцікі знаходзіў з ягадамі, так?
– Ну так, – прыпыніўся Вожык у роздуме. – А што?
– А тое, – прыжмурылася Лісяня. – Мог жа ён і знайсці такі кусцік, дзе тры ягады… І з’есці хутка адну ягаду!
Вожык аж спыніўся:
– А навошта?!
– Эх ты, простая твая душа! Заяц мог даўно з табой параўняцца, а ты яму ўсё роўна вінен застаешся!
– Ды не хлусіў мне Заяц раней… Ён са мной заўсёды чэсна дзяліўся… – засумняваўся Вожык.
– Добра па сумленнаму дзяліцца, калі ўсяго шмат, – запэўнівала Лісяня. – А калі бачыш, што можа і не хопіць – думаеш, усе сумленныя? Ага, як бы не так… За ўсім глядзець трэба пільна…
– Не любіць Заяц ягады больш за мяне, – усё не мог паверыць Вожык.
– А пры чым тут любіць ці не любіць? – ужо шэптам працягвала Лісяня. – Тут важна, што як быццам ты яму павінен застаешся. Вось што дрэнна, згодзен?
– Так, даўжніком быць дрэнна, – змушаны быў пагадзіцца Вожык.
– Вось так, калючы, думай… – крыва ўсміхнулася Лісяня і паспяшалася: – Пайду, пагляджу: нешта Зайца не чуваць…
А Заяц сумна пераходзіў ад дрэва да дрэва, зазіраў за кусты – не было больш суніц!
– Што, нічога не знайшоў? – паспачувала Лісяня.
– Ага, зусім нічога. Ніяк не відаць…
– Гэта так, ягады ўбачыць не так і проста. Яны так пад лісточак схаваюцца! Вось Вожыку выгода – у яго нюх добры, ён адразу чуе ягаду. Тут у такой траве густой ды калі ты яшчэ ростам, як Вожык, лёгка можна ягаду-другую з’есці – ніхто і не заўважыць.
– А навошта Вожыку без мяне есці? – здзівіўся Заяц. – Ён жа мой сябар!
– Сябар то сябар, але калі вельмі ягады любіш… Вось не аддаў жа ён той лішняй ягады табе, а сам з’еў.
– Ды ніколі мяне раней Вожык не падманваў! – разгарачыўся Заяц.
– А заўсёды першы раз бывае, – хітра прыжмурылася Лісяня і нечакана гучна закрычала: – А вось мы і дайшлі!
І на самай справе – за гутаркамі неяк і не заўважылі, што ўжо на ўсю моц свяціла сонца, беглі па сінім небе лёгкія белыя аблокі. А перад сябрамі ляжала такая сонечная, такая цудоўная паляна!
– Вось, калі ласка! – шырока развяло лапы ў бакі Лісяня. – Выбірайце сабе месца для жылля. Табе, Заяц, вунь пад той нахіленай бярозкай добра норку зрабіць, – паказала Лісяня ў адзін бок. – А для Вожыка добра вунь там, дзе маладыя ялінкі гуртам растуць, – павярнуўся ён у іншы бок.
– Добрае месца, – сказаў Заяц.
– Прыгожая якая паляна, – пагадзіўся з ім Вожык. – І пад ялінкамі мне зручна будзе. Яны калючыя, і я калючы. Далёка вось толькі адзін ад аднаго… Мы яшчэ не абвыклі…
– А ў нас тут няма чаго баяцца, – супакоіла Лісяня Вожыка. – Затое ў госці будзе хадзіць цікавей сябра да сябра!
Заяц і Вожык разышліся – можа, нават, і з нейкай палёгкай. Таму што ім не вельмі зручна стала раптам глядзець адзін аднаму адкрыта ў вочы.
Толькі паспеў Заяц добра агледзецца – дзе б зрабіць сабе норку, як убачыў Лісяня.
– Так, нядрэннае месца, – ківала яно, гледзячы, дзе Заяц азначыў сабе капаць норку. – Толькі Вожык сабе лепшае месца выбраў.
– А як жа ён выбіраў, калі я першы сюды згадзіўся? – здзівіўся Заяц.
– А выбіраць, гэта жа не толькі першым быць, а і даць іншаму першаму ўзяць, што папала.
– Чаго тут «што папала»? – пакрыўдзіўся Заяц. – Мне падабаецца…
– Ну, давай-давай… Гэткі ты даверлівы, Заяц, – і Лісяня пабегла.
Вожык знайшоў сабе месца для хаткі пад ялінкай хутка. Ён стаў збіраць лісце, калі да яго прыбегла Лісяня.
– Як справы, калючы?
– Вось, будую, – адсопся Вожык…
– Так, не пашанцавала табе… Месца тут змрочнае, бывае, што і сыра. Вось у Зайца – з самога ўзыходу светла. Лепшае месца сабе Заяц выбраў.
– Мне і тут добра будзе, – заўпарціўся Вожык. – Я не зайздрошчу.
– Ды зайздросціць не трэба, а вось запомніць варта, як спрытна Заяц месца лепшае сабе забраў… – і Лісяня пабегла.
А Вожык склаў пад ялінкай сухое лісце і прысеў побач. Яму стала вельмі няўтульна. Здавалася, усё было добра: і паляну яны знайшлі, і месца на ёй шмат, і сонца, і ягады… Але чаму ж так сумна?
Працяг чытайце заўтра!
узята з kazki.by