Сонечная паляна, або Прыгоды Вожыка и Зайца ў дзівосным лесе (працяг)
Пачатак тут
4. Уцёкі
Ноч была цёмная-цёмная. Заяц адкрыў акно і спачатку нічога не мог убачыць. Толькі ледзь святлей агульнай цемры было неба, густа абсыпанае зоркамі. Яны мільгацелі там, высока-высока і здаваліся на фоне незнаёмых верхавін дрэў далёкімі і чужымі…
Заяц паціху падабраўся да хаткі побач. Вожык ужо чакаў яго ў расчыненым акне.
Прабіраючыся ў густой траве, амаль нічога не бачачы перад сабой, яны неўзабаве спыніліся каля слаба мігцеўшай пад святлом зорак сеткавай металічнай агароджы.
– Капаць трэба, – прашаптаў Вожык.
Заяц прыняўся хутка падкопвацца пад агароджу, імкнучыся як мага менш шумець. Ох, і глыбока давялося капаць! Неўзабаве падкоп быў гатоў, і Заяц апынуўся на тым боку.
– Хутчэй, Вожык! – Заяц працягнуў лапу і дапамог сябру пралезці пад загараддзю. – Куды зараз? – спытаў ён Вожыка.
– Наперад, там павінна быць тая самая роўная сцяжынка-падманшчыца.– Ізноў у яму патрапім? – занепакоіўся Заяц.
– Побач са сцяжынкай пабяжым…
Яшчэ цямней стала ў лесе – раптам зоркі сталі блякнуць, яны свяціліся, нібы праз вату, а потым святло іх наогул прапала. Відаць, неба зацягнулася хмарамі, таму што рэдкія дробныя кроплі сталі шамацець у лістоце.
– Дождж пачынаецца, – прашаптаў Заяц, каб хоць нешта сказаць – так жудасна было ў цёмным панурым лесе.
І раптам страшны бляск асвяціў увесь лес мярцвяным белым святлом! Сябры ў страху прыселі, зажмурыліся, і таго моманту, што яны бачылі, было досыць, каб іх сэрцы сціснуліся ад жаху: чорныя-чорныя ствалы дрэў, велічэзныя страшныя цені, жудасныя сукі, як лапы пачвар – якім страшным стаў цяпер лес!
Дождж ва ўсю зашамацеў у верхавінах дрэў, ужо цяжкія кроплі падалі на зямлю, на Зайца і Вожыка.
– Пачакай, – спыніўся Вожык. – Цяпер ізноў маланка блісне, глядзі ў той бок, а я ў другі. Нам трэба тую прамую сцяжынку ўбачыць.
Маланка не прымусіла сябе доўга чакаць – бляск, яшчэ страшней за першы, асляпіў сяброў, і хоць яны чакалі яго, мімаволі прыселі ад страху.
– Там сцяжынка, там, – заікаючыся, пралапатаў Заяц. – Страшна як… Баюся маланак.
– Я таксама баюся, – прызнаўся Вожык. – Але нам вяртацца ніяк нельга…. Пойдзем да сцяжынкі.
Маланкі зазіхацелі адна за другой, пакуль бязгучныя, белыя і бледна-блакітныя. Сябры, не гледзячы на свой страх, трохі падбадзёрыліся – гэтыя грозныя выбліскі пакуль не прычынілі ім шкоды, а вось карысць была – у тыя кароткія сполахі святла яны паспявалі агледзецца хоць трохі.
А дождж ужо ішоў на ўсю моц. Вожык і Заяц ішлі з боку той самай прамой сцяжынкі. Трава была густой, калючай і мокрай, яна чаплялася, як жывая, аброшвала ногі. Якой жа доўгай была дарога назад!
І абаім ім, і Зайцу, і Вожыку, раптам у нейкі момант здалося, што ўсё ж тая самая паляна, ад якой яны ўцякаюць – добрая паляна, трэба толькі прывыкнуць да яе.… Цяпер бы яны спалі ў сваіх сухіх хатках пад зорным небам, раніцай бы сонца ўстала над імі…
– Нельга нам спыняцца, нельга, – нібы пра сябе паўтараў Вожык, ужо хістаючыся. – Нельга нам вяртацца, Заяц…
– Я і сам ведаю, што нельга, – выдыхаючы па адным слове ад стомленасці, адказаў Заяц. – Не хачу я… Мы яшчэ знойдзем сапраўдную Сонечную паляну!– Знойдзем! – амаль бадзёра адказаў Вожык. – Шлях назад заўсёды доўгі, хутка ўбачым мы нашу елку…
І яны ўбачылі – у адным асабліва яркім бляску маланкі яна, велічэзная старая елка, раптам узвысілася наперадзе над усім лесам. Яшчэ сотня крокаў, яшчэ дзесятак і вось яны – густыя, касматыя лапы старой елкі, сухі мох, на які так і не ўпала скрозь густыя галіны ні адна кропля. У гэты сухі мох Вожык і Заяц зваліліся, дарэшты знясіленыя. Адсапліся.
Тут, пад дахам з яловых лапак і покрывам са старога моху, было ціха. Шуму дажджу амаль не было чуваць, і маланкі зіхацелі ўжо не так люта.
– Пад гэтай елкай зусім не страшна, – задуменна сказаў Вожык. – Гэта нейкая асаблівая елка…
– І мне ніколькі не страшна, нават у такую жудасную навальніцу, – прызнаўся Заяц.
Мякка шумеў дождж, ціхенька паскрыпвала елка, ледзь гайдаліся дзесьці ў вышыні яе галінкі: туды–сюды, туды–сюды… Вожык услухоўваўся ў шум галін і яму здавалася, што яны пагойдваюцца і шумяць не проста так, а як быццам пад мелодыю. І гэтую мелодыю Вожык дакладна калісьці ведаў! Ён нават паспрабаваў яе ўспомніць, але не змог.
Ён паціху крануў Зайца:
– Ты не спіш?
– Не… – адказаў Заяц. – Я елку слухаю.
– І ты чуеш? – узрадаваўся Вожык. – Мне здаецца, я ведаю гэтую мелодыю, вось толькі ўспомніць ніяк не магу…– І я не магу, – прызнаўся Заяц. – І не трэба ўспамінаць – пад яе так добра засынаць – гэта важней…
Сябры і не заўважылі, як сон змарыў іх.Працяг чытайце заўтра!
узята з kazki.by