Сонечная паляна, або Прыгоды Вожыка и Зайца ў дзівосным лесе (працяг)
Пачатак тут
3. Калі ўсім усяго пароўну
Чым далей яны адыходзілі ад той яміны, тым святлей рабіўся лес, і неба ўзнімалася вышэй, а потым і зусім зацурчэла на вандроўнікаў пакуль яшчэ нясмелае сонечнае святло. Тут яны ўбачылі высокую сеткаватую агароджу з трывалага дроту, а за ёй – вялікую, не агледзець усю, паляну! Усю залітую сонечным святлом!
– Ура, Сонечная паляна! – радасна падскокваў Заяц. – Вожык, мы знайшлі яе!
– А ягады ёсць на вашай паляне? – асцярожна спытаў Вожык у Янота.
– Усё ёсць на нашай паляне! – упэўнена адказаў Янот. – Ягады і грыбы, кветкавы нектар, сакавітая трава, спелыя арэхі. А яшчэ – у кожнага будзе свая хатка!
– Вось выдатна, вось выдатна! – не хаваў радасці Заяц. – Мы падмацуемся трохі, адпачнем, а потым нам трэба ўсіх з нашай мокрай паляны сюды прывесці.
– Паспееце, паспееце ўсіх прывесці, – казаў Янот, адкрываючы вузенькія дзверы ў сеткавай сцяне.
А на паляне было многа-многа розных звяроў. І усе яны гулялі ў адну гульню – у квач. Вадзілі кожны па чарзе, нават калі ў каго не атрымлівалася некага запляміць, тут жа Ваўчок свістаў у свісток, і вадзіць станавіўся іншы. То Медзведзяня, то Барсучаня…
Вакол усёй паляны роўным паўкружжам стаялі хаткі. Усе акуратныя, прыгожыя і ўсе – зусім–зусім аднолькавыя! Яшчэ на хатках былі вялікія лічбы, і толькі лічбы былі розныя.
– Хаткі ўсе аднолькавыя… – разгублена пакруціў па баках Вожык. – Так і паблытаць можна…
– Не паблытаеце, – запэўніў Янот. – У кожнай хаткі свой нумар. А аднолькавыя таму, каб ніхто нікому не зайздросціў.
– Цікава як! – усё захапляўся Заяц. – А дзе мы жыць будзем?
– Вось я вас прывяду, – казаў Янот. – Вось, нумар 7 і 8. На гэтым тыдні вы будзеце жыць тут.
– А…а на наступным? – спытаў Вожык.
– А потым усе памяняюцца з суседзямі, – растлумачыў Янот. – Каб ніхто з тых, хто на паўночным баку, не зайздросціў тым, хто на паўднёвым.
– Вось як усё ў вас прыдумана! – усклікнуў Заяц і заспяшаўся ў сваю хатку.
Вожык таксама зайшоў у хатку пад нумарам 8. У хатцы было адно акенца, ложачак, невялікая тумбачка. Тут на парозе з’явіўся ўзбуджаны Заяц.
– Ну, як табе твая кватэрка? – спытаў ён Вожыка.
– А якая яна мая? – паціснуў плячамі Вожык. – Нічыя яна.
– Не нічыя, а агульная! – пакрыўдзіўся Заяц. – Гэта ж для справядлівасці зроблена.
– Калі нешта агульнае, значыць яно і маё, – упарта паўтарыў Вожык. – А якая ж гэта мая хатка, калі мне ў ёй нядоўга жыць?.. Трэба хоць трохі яе ўпрыгожыць, пайду лісця рознага збяру…
– І я з табой, – паспяшаўся з ім Заяц.
Яны накіраваліся ў куток паляны. Там Вожык знайшоў на доле некалькі прыгожых лістоў, звыкла начапіў іх на калючкі.
– Я іх пакладу ля ўваходу – будзе самы сапраўдны дыван, – павесялеў ён ад звыклых клопатаў пра дом.
– А я вось той званок вазьму з сабой, – вырашыў Заяц. – Ён будзе будзіць мяне ранкам…
Тут да іх падбег сур’ёзны Ваўчок з вялікім свістком.
– Гэй, новенькія! Хто дазволіў лісце збіраць? Хто дазволіў кветкі рваць? Чаму вы не гуляеце з усімі ў квач?
– Але мы хочам упрыгожыць нашы хаткі, – разгубіўся Заяц.
– Не трэба гэтага рабіць, таму што ўсе хаткі – агульныя. Ты адзін сарвеш кветку, а другі ўбачыць і сарве два, а трэці і зусім цэлы букет. А потым не захоча ў другую хатку пераходзіць, скажа, што яна ў яго прыгожая, а тая – не. Калі ты можаш добра ўпрыгожыць, а іншы не можа, то нельга ўпрыгожваць – усе павінны аднолькава або ўмець, або не ўмець. Не можна ў нас рабіць не так, як усе! Усе гуляюць – і вы гуляйце. Хадземце гуляць, праз гадзіну ўсе будзем ягады на вячэру збіраць.
– Як гэта – на вячэру збіраць? – разгубіўся Заяц.
– Мусіць, мы будзем толькі збіраць, але не есці. А есці будзем тады, калі скажуць, – выказаў здагадку Вожык.
– Правільна, калючы, – пацвердзіў Ваўчок.
…Так і мінулі рэшткі дня: з астатнімі звярамі Вожык і Заяц пагулялі ў квач. Заяц хацеў іншую гульню прапанаваць – у хованкі, але Ваўчок як засвістаў у свой свісток!
– У хованкі гуляць у нас па раскладзе праз два дні.
Потым усе збіралі ягады, арэхі і грыбы. Усё гэта зносілі ў адно месца – яно звалася кухняй.
Потым вячэралі – усе ў адным вялікім доме, за адным даўжэзным сталом, на якім стаяла шмат аднолькавых талерак, і ягад у кожнай талерцы было пароўну.
Вожык быў журботны – ён усё маўчаў і толькі пра нешта ціха ўздыхаў. Заяц ужо не расхвальваў паляну і правілы на ёй, хоць яму вельмі хацелася сказаць нешта вясёлае свайму сябру.
– Тут жа, праўда, выдатна, так? – асцярожна спытаў ён у Вожыка. – Усім усяго пароўну, так справядліва, ніхто нікога не крыўдзіць… Чакай, гэта ў цябе нумар 8 ці ў мяне?
– Мусіць, так, – незразумела адказваў Вожык. – Ды і якая розніца – там жа ўсё аднолькава. У маёй хатцы, што ў тым старым пні, хай і не так прасторна, затое там я мог пакласці на падлогу яркае лісце.… А на падвоканні ў мяне заўсёды жыў светлячок… А на стале стаяў самавар, і гарбату я табе заварваў з брусніцы, таму што табе такая даспадобы, а сабе – верасовую… А цяпер…
– А я любіў, каб у мяне кветкі самыя свежыя стаялі, – стаў успамінаць і Заяц. – Прачнешся, а яны свае галоўкі ўжо да сонейка звярнулі і купаюцца ў першых прамянях!
Тут над усёй палянай раздаўся пранізлівы свіст – ізноў Ваўчок са сваім свістком. І адразу за гэтым свістам запляскалі, зачыняючыся, дзверы хатак. Толькі Вожык і Заяц заставаліся сядзець на прыступках.
– А можа, ужо і ўсюды дождж скончыўся? – з надзеяй спытаў Заяц.
– Заўтра пойдзем, – адказаў Вожык. – Няправільная гэта паляна. Пароўну тут усё… Я вунь які маленькі, а Медзведзяня вялікае – і нам ягад пароўну? Каб усім заўсёды хапала, трэба не пароўну на ўсіх дзяліць, а лішняга не браць. Калі ў цябе свая хатка і ты ў ёй гаспадар, тады добра ў яе сяброў запрашаць…. І калі ты ягады сам для сябе збіраеш, тады можна і для сябра сабраць і яго пачаставаць… Заўтра пойдзем, – рашуча паўтарыў Вожык.
Наступіла ноч – уся паляна заціхла, заснула. А можа, і не ўсе спалі ў сваіх хатках. Можа, хтосьці яшчэ, як Заяц і Вожык, успамінаў сваю ранейшую паляну, хай і не такую сонечную, але сваю, са сваёй утульнай і роднай хаткай на ёй…
Потым была раніца – чыстая, амаль радасная. І дзень быў сонечны, цёплы. Былі і гульні, быў збор ягад, быў абед. Толькі Вожыку і Зайцу было зусім не весела. Можа, яно і справядліва, калі ўсё–усё пароўну падзелена, усё агульнае, усё аднолькава, але ўсё ж трэба для весялосці і шчасця каб нешта было толькі тваім: вось хоць бы для таго, каб гэта сваё падарыць сябру…
Працяг чытайце заўтра!
узята з kazki.by