Сонечная паляна, або Прыгоды Вожыка и Зайца ў дзівосным лесе (працяг)
Пачатак тут
2. Куды прывяла прамая дарога
Разам з імі ішоў і дождж. Ён халоднымі дробнымі кроплямі падаў і падаў з неба, з навісаючых над вандроўнікамі галін.
Ісці па сцяжынцы было спачатку не цяжка. А потым усё часцей сталі трапляцца паміж светлымі стваламі хвой змрочныя, шэрыя ствалы елак. Іх ніжнія лапы, з сухімі ўнізе галінкамі і іголкамі, апускаліся над сцяжынкай і заступалі шлях, балюча калоліся. А сама сцяжынка стала ледзь прыкметнай у густой траве. Лес вакол стаў пануры і чужы – толькі чорныя ствалы елак, ды сухія, старыя дрэвы.
Да гэтага часу Заяц і Вожык вельмі стаміліся, яны змакрэлі наскрозь, і так хацелася вярнуцца назад – у тое самае дупло. Там цяпер суха і ўтульна… Раптам заўтра скончыцца дождж? Гэтай паляны, аб якой казаў стары Крумкач, нідзе і блізка не відаць…
І тут сцяжынка ўткнулася ў велізарную старую елку. Яна была такая старая, што шэры мох звісаў з яе ніжніх галін лахманамі. Пад елкай нічога не расло – толькі мох, такі ж шэры, ляжаў глыбокім дываном. Не змаўляючыся, Заяц і Вожык упалі ў гэты глыбокі мох.
– Добра, што нам гэтая елка трапілася, – казаў Заяц. – Цяпер мы адпачнем…
– А куды сцяжынка падзелася? – пакруціў галавой Вожык. – Быццам яе гэтая старая елка праглынула…Трэба ісці.
– А куды ісці, калі сцяжынка скончылася?
– Трэба абысці елку і мы ўбачым сцяжынку, – услых падумаў Вожык. – Пойдзем…
Так і атрымалася – не абышлі яны і чвэрці велізарнага ствала, як убачылі роўную і прамую сцяжынку, што бегла ў глыб лесу.
– Вось! Выдатна! Гэта сцяжынка сапраўды вядзе да Сонечнай паляны! Па ёй шмат усіх пайшло, вось яна і прамая, і роўная, – упэўнена сказаў Заяц.
– Яна нейкая вельмі прамая, – сказаў Вожык. – Сапраўдныя сцяжынкі ў лесе не бываюць такімі прамымі.
– Якая ж яна не сапраўдная, калі яна прама перад намі! – засмяяўся Заяц. – Глядзі, як добра па ёй ісці! А вось там, наперадзе, глядзі – ужо святлей! Там – сонечная паляна!
– Не падабаецца мне, – бурчэў Вожык, калі яны пайшлі па роўнай сцяжынцы.
Ісці было лёгка, і лапы елак тут не віселі так нізка. Але галоўнае – дождж! Ён амаль перастаў!
Заяц весела скакаў, то ідучы побач, то забягаючы наперад.
– Ды хутчэй жа ты, калючы, – падганяў ён Вожыка. – Глядзі, глядзі, – там ужо амаль зусім светла, там наперадзе – Сонечная паляна!
І раптам сцяжынка пад ім проста правалілася!
Заяц і крыкнуць не паспеў, як апынуўся на дне глыбокай ямы.
– Заяц, ты жывы? – асцярожна зазірнуў у яму Вожык. – Я казаў, што сцяжынка падазрона роўная… Ты не моцна ударыўся?
– Ды як быццам не моцна, – абтросся Заяц.
– Тады падскоквай і хапайся – я працягну табе лапу.
Вожык, наколькі можна было, нагнуўся ўніз – Заяц падскочыў і ўхапіўся за яго лапу.
– Цягну!
Але, мусіць, нездарма сцяжынка была такой роўнай – ні купіны, ні ямачкі – і вось лапы Вожыка заслізгалі па краі ямы, і ў адно імгненне ён кулём скаціўся прама на Зайца. І яны ўдваіх ужо апынуліся на дне ямы…
– Так я і думаў, так я і ведаў, – завохкаў Вожык. – Не бывае сапраўдных прамых сцяжынак у лесе. А тыя, якія не сапраўдныя – заўсёды пастка.
– Але павінен жа быць нейкі выхад! – запратэставаў Заяц. – Цяпер мы аб усім падумаем…
– А што тут думаць, – сумна сказаў Вожык. – Хутка сюды прыйдзе…
– Хто прыйдзе? – спалохана прысеў Заяц.
– Прыйдзе той, хто выкапаў гэтую яму і зрабіў на роўнай сцяжынцы пастку, – ціха адказаў Вожык.
У чаканні нечага страшнага і незразумелага, што павінна было немінуча адбыцца, Вожык і Заяц праседзелі некалькі гадзін. Мінула яшчэ трохі часу, і зверху пачулася лапаценне крылаў.
– Ой, ой, якая бяда, якая бяда! – засакатаў прама над ямай голас.
Заяц і Вожык пазналі звонкі голас Сарокі. Яны вельмі ўзрадаваліся.
– Ой, пацярпіце, пацярпіце! – заспяшалася Сарока. – Зараз я паклічу на дапамогу, зараз вам дапамогуць!
– Гэй, Сарока, – паклікаў яе Заяц. – Хто выкапаў гэтую яму ў лесе? Куды вядзе гэтая сцяжынка?
– Яма – зусім не яма, а ахоўны пост нашай Паляны, – з гонарам адказала Сарока.
– Тут блізка паляна? Гэта Сонечная паляна?
– Ну, вядома, на нашай Паляне свеціць сонца, шмат усяго, і ўсім усяго хапае, – пралапатала Сарока. – Чакайце!
І Сарока паляцела.
– Выдатна! – закрычаў Заяц. – Вожык, хутка мы будзем на Сонечнай паляне!
– Будзем, будзем, – па звычцы бурчэў Вожык. – А навошта трэба было гэтую яму капаць?
– Табе ж растлумачылі – ахоўны пост, – адмахнуўся Заяц. – Калі на паляне шмат усяго – трэба такую паляну ахоўваць… Ці малі хто захоча прыйсці…
– І вельмі правільна! – раздаўся раптам зверху бадзёры і вясёлы голас, а потым паказалася галава Янота. – Дабры дзень, сябры. Трымайце лесвіцу!
У яму спусцілася зручная плеценая лесвічка. Вожык і Заяц хутка ўскараскаліся наверх.
– Пойдзем, мы заўсёды рады новым сябрам! – усміхаўся Янот.
І яны пайшлі – па роўнай прамой сцяжынцы.
Працяг чытайце заўтра!
Узята з kazki.by