Шчасце
Жылі-былі два мужыкі. Адзін багаты, а другі бедны. Усё ў багатага было: і коні сытыя, і вепрукі – кожны з добрае цяля, а курэй, гусей – не злічыць. Пасее бедны мужык пшаніцу – ледзь на насенне збярэ. Пасее багаты – поўныя засекі насыпле. I здаецца ж, загоны побач, а няма шчасця бедняку.
– Засей мне поле, – папрасіў неяк багаты суседа, – а я ў горад паеду. Вярнуся – разлічымся.
– Добра, – згадзіўся бядняк, – лішняя капейка мне не пашкодзіць.
Запрог багач жарабка і гайда ў дарогу. А яго сусед бедны ўзяў сявеньку, насыпаў пшаніцы, перахрысціўся і давай шчыраваць на чужым полі. Сыпле не шкадуючы. Далонь у яго шырокая, бярэ ў жменю больш, чым другі ў прыгаршчы. Увачавідкі сявеньку апаражніў. Зноў напоўніў. I толькі сабраўся сыпануць, як голас пачуў:
– Не сей густа, бо не падымеш!
– Хто ты? – спытаў бядняк, – Калі не сіла нячыстая, то пакажыся.
I перад аслупянелым бедняком вырас як з-пад зямлі чалавек. Ні стары, ні малады, але з хітрынкай у вачах.
– Я шчасце твайго суседа. Памагаю яму, каб ніва каласіла, каб штогод дабра прыбаўлялася.
– А дзе ж маё шчасце? – уздыхнуў мужык. – Чаму яно не памагае мне?
– Вунь тваё шчасце ляжыць пад кустом і на скрыпачцы іграе.
Пабег бядняк да куста. I праўда, ляжыць пад ім хлопчык і на скрыпачцы іграе.
– Ты і ёсць маё шчасце? – грозна запытаў бядняк.
– А што табе трэба? – перастаў іграць хлопчык.
Васіль ШЫРКО