Везла баба ўнучку
Баба Ганна зімнім ранкам
Везла ўнучку ў сад на санках.
А малую ў ранне тое,
Каб не мог даняць мароз,
Апраналі ўсёй сям’ёю,
Завіхаліся ўсур’ёз:
Футра, шапка, шалік, боты –
Не відаць ужо вачэй,
Бо дачушку ў коўдру потым
Мама ўхутала яшчэ.
З горкі лёгкі санак бег –
Выпала дзіця на снег.
Іншая сышла б слязою,
А Марыначка маўчыць.
Думае, гуляюць з ёю –
Не блазнуе, не крычыць.
Баба Ганна ў сад звярнула,
Хоць бы раз назад зірнула:
Радуе іскрысты снег,
Санак хуткіх ціхі бег.
Тут прахожы выпадковы
Прыпыніўся. Што такое?
Пастаяў, тэлефануе
У бюро знаходак ён:
– Ляльку хтось згубіў жывую,
Ляльку, а не парасон!..
І ляжыць яна сабе,
Толькі носікам сапе.
А тым часам, як бывае,
Азірнулася старая.
Роспачна ў марознай стыні
Тупаціць хутчэй назад:
Трэба ж, з санкамі пустымі
Прыплыла ў дзіцячы сад!
А табе, прахожы, дзякуй,
Што не быў ты абыякім:
Бабе Ганне дапамог –
Сам унучку пасцярог.
Уладзімір Бабкоў
Цікавы верш! Дзякуй!