Каралева мышак
Урывак з аповесці
Я добра закончыла чвэрць – на дзявяткі і дзясяткі, і тата сказаў мне, што мы ідзем купляць самалёт. Самалёт – гэта набор лега. Там дэталяў – можа, тысяча! Вы ж помніце, я казала, што вельмі люблю складаць з лега самыя розныя штукі. Мы прынеслі каробку дадому, і я патэлефанавала Андрэйку.
Андрэйка жыве побач, мы з ім сядзім за адным сталом у класе. Ён не шкадлівы, не сквапны і не хітры. Яго лёгка абдурыць, і яго дураць усе, каму захочацца. Мне яго шкада, я злуюся, крычу, а ён толькі ўсміхаецца, як маленькі. Зусім жыць не ўмее! Часта хварэе, прапускае заняткі ў школе, тады прыходзіць да мяне, і мы разам рашаем задачкі і прыклады па матэматыцы. І гуляемся мы разам: Андрэйка таксама вельмі любіць лега. Мы з ім такое складаем: і робатаў, і іншапланетныя гарады, і касмічныя станцыі, і новыя аўтамабілі! З ім цікава: Андрэйка ўмее прыдумляць, і мяне навучыў.
Андрэйкі дома не было – пайшоў з мамай у паліклініку, зноў у яго прастуда. Я крыху засмуцілася. На дыван у пакоі высыпала ўсе дэталі, бо люблю збіраць лега на падлозе – месца болей.
Ух, і цяжка было! Гэтулькі дэталяў… Мне і тата дапамагаў, і мама заходзіла, глядзела, падказвала. Самалёт атрымаўся цудоўным: вялікім, рознакаляровым, з пілотамі ў кабіне, з пасажырскім салонам і з такімі тонкімі, вялікімі і прыгожымі крыламі! Мама на яго дзівілася, потым сказала, што яго трэба паставіць у шафу ў вялікім пакоі – будзе прыгожа. А я – каб самалёт не чапала, і так хапае з чым гуляцца. Мне было шкада, што хутка закончылася цікавая справа, але няхай маме будзе прыемна.
Праз тыдзень Андрэйка паправіўся і прыйшоў да мяне. Вочы хлопчыка так загарэліся, калі я самалёт з лега паказала! Андрэйка асцярожна кранаў крылы, заглядваў у кабіну, браў самалёт у рукі.
– Шкада, што я хварэў, – уздыхнуў ён. – Цікава, напэўна, было збіраць?
– Ага, – адказала я. – Цікава, а як складана! Увесь дзень збірала.
– Калі б разам, то хутчэй сабралі б, – яшчэ раз уздыхнуў Андрэйка.
– Можа, тата мне карабель купіць, – захацела я суцешыць Андрэйку. – Без цябе складаць не буду, нават калі ты два тыдні хварэць будзеш.
– Ага, – у трэці раз уздыхнуў Андрэйка.
Тата пайшоў у краму, мама была на кухні. Я помніла, што яна гаварыла пра самалёт. Маму нельга не слухацца, але я падумала, што калі самалёт я сабрала адзін раз, то можна ж і два разы яго сабраць, і тры – гэта ж лега. І зноў паставіць самалёт на месца.
– Хочаш, мы самалёт разбяром і збяром ізноў?
– А можна? – асцярожна запытаўся Андрэйка.
– Гэта ж мне тата купіў, – асмялела я. – Мы збяром і зноў паставім!
– Калі сюды дадаць розныя дэталі з лега, што ў цябе ёсць, то можна скласці сапраўдны касмічны карабель! – загарэўся ўмомант Андрэйка.
Мы ўзялі цішком самалёт і занеслі да мяне ў пакой. Раз-два-тры – і замест самалёта на падлозе засталася вялікая гара лега.
Калі з кім шчыра сябруеш, дык ведаеш, пра што ён думае і чаго хоча: і наш карабель атрымліваўся вялікім і фантастычным – нідзе такога не ўбачыш.
І тут у пакой зазірнула мама.
– Жэнька! – усклікнула яна. – Навошта ты разламала самалёт? Мы ж дамовіліся, што самалёт будзе стаяць у пакоі, каб было прыгожа!
– Нічога я не разламала, – трохі спужалася я. – Мы збіраем касмічны карабель… Мы зноў збяром…
Андрэйка падхапіўся з падлогі і вінавата прысеў на крайчык крэсла.
– Я ж казала, каб ты не чапала яго – у вас ёсць з чым гуляцца! – гучна сказала мама. – Чаму не спыталася?
– А Андрэйка не збіраў самалёта! – мне стала так крыўдна, што вось-вось заплачу. – Гэта мне тата купіў…
Ну чаму мама не разумее, што самалёт можна зноў сабраць?
Тут прыйшоў тата і адразу зазірнуў у пакой да нас.
– Што за бунт у сямейным царстве?
– Глядзі, разламала самалёт. Ён так добра стаяў у тым пакоі…
– Ну, не разламала, а разабралі. А ўсё, што разбіраецца, можна складаць, – супакоіў тата маму. – Цацкі існуюць для таго, каб з імі гулялі дзеці. Калі іх збіраюць дарослыя і застаўляюць імі пакоі, гэта мяшчанства. Дык пойдзем і пакінем дзецям іх цацкі.
Цэлы дзень мы складалі з Андрэйкам касмічны карабель, аж стаміліся. Затое карабель атрымаўся такім вялікім, такім прыгожым, што нават мама згадзілася, што ён – лепшы за той самалёт.
А ўвечары, калі Андрэйка пайшоў, я спытала ў таты:
– А што такое мяшчанства?
Тата падумаў і сказаў:
– Гэта калі людзі, іх завуць мяшчанамі, любяць рэчы больш, чым тое, што гэтыя рэчы могуць даць.
Я засынала і думала, што я – не мяшчанка. Бо сам касмічны карабель мне падабаецца, але складаць яго з Андрэйкам мне падабаецца больш. І яшчэ я падумала: калі б я адразу спытала ў мамы пра самалёт, яна б абавязкова дазволіла яго ўзяць і ніколечкі не крычала б. Бо ёй таксама падабаецца, як мы гуляем з Андрэйкам.
Валерый ГАПЕЕЎ