Тры жаданні
Звычайным марозным днём Оля вярнулася са школы. Пераапранулася, вымыла рукі, прайшла на кухню. Як жа яназдзівілася, калі ў цэнтры стала ўбачыла круглы акварыум, у якім плавала прыгожая залатая рыбка. Зусім забыўшыся на абед, дзяўчынка стала назіраць за ёй.
Увечары мама распавяла дачцэ, што ў іх на працы выпадкова разбілі вялікі акварыум, і рыбак часова раздалі супрацоўнікам. Таму гэтая рыбка некаторы час пажыве ў іх кватэры.
Яшчэ зусім маленькай Оля любіла казку “Пра рыбака і рыбку”. Нават калі падрасла, ёй здавалася: варта загадаць тры жаданні – і залатая рыбка іх абавязкова выканае. І ў дзяўчынкі з’явілася магчымасць гэта праверыць! Спачатку Оля папрасіла выдатных адзнак, затым – новы ровар з цацкамі, а потым – каб заўсёды было лета.
Доўга Оля глядзела праз марознае акно, чакаючы летняй цеплыні. Але на зямлю падалі сняжынкі, пакрываючы яе белай коўдрай. Дзяўчынка незадаволена паглядзела на рыбку і, надзьмуўшыся, пайшла ў пакой. Ды і там не аказалася ні новага ровара, ні цацак. Тады яна прыбегла да мамы і, тупаючы нагамі, пачала скардзіцца на залатую рыбку:
– Падманшчыца, падманшчыца!..
Нічога не разумеючы, мама спрабавала даведацца, што ж усё-такі здарылася. І толькі потым, разабралася і супакоіла дачку:
— Ровар і цацкі – справа нажыўная. Добрыя адзнакі можна зарабіць, калі сумленна вучыцца. А лета круглы год – гэта ж так нудна. Няўжо могуць быць Каляды без снегавіка і санак?
Пасля размовы з мамай Оля папрасіла ў рыбкі прабачэння. І пайшла рабіць урокі. Калі хатняе заданне было выканана, дзяўчынка пабегла на вуліцу ляпіць снегавіка і гуляць у снежкі.
Мінула зіма, наступіла вясна, а потым і лета. За тое, што Оля скончыла навучальны год на “выдатна”, бацькі купілі ёй новы ровар. Катаючыся па двары, дзяўчынка з сумам думала, што дзесьці ў далёкай і гарачай Афрыцы маленькія дзеці так ніколі і не даведаюцца, як жа гэта цудоўна – ляпіць снегавіка і куляцца ў снезе…
Юлія ТРАФІМАВА