Горад, дабразычлівы да дзяцей
“Што гэта за горад? Дзе знаходзіцца? Як туды трапіць?” — прадчуваем шматлікія пытанні цікаўных.
Удакладнім: на сёння такіх гарадоў на Зямлі больш за 900. Сярод іх Лондан, Мюнхен, Буэнас-Айрэс, Масква, Санкт-Пецярбург, Астана, Вільнюс… А ў 2006 годзе і на Беларусі, у Светлагорску, быў рэалізаваны пілотны праект горада, дабразычлівага да дзяцей. За пяць гадоў такіх гарадоў стала адзінаццаць: Барысаў, Пружаны, Пінск, Добруш, Мінск, Гомель, Брэст, Наваполацк, Ліда, Шклоў.
Упершыню ж гэтыя незвычайныя гарады з’явіліся дзякуючы ініцыятыве, абвешчанай у 1996 годзе ў Стамбуле (Турцыя) на чарговай канферэнцыі Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. Там прагучала сцвярджэнне, што дабрабыт дзяцей з’яўляецца асноўным паказчыкам дабрабыту любога грамадства.
Ініцыятыву падтрымаў Дзіцячы Фонд ААН (Юнісэф) і “Горад, дабразычлівы да дзяцей”, стаў актыўна развівацца з 1998 года, калі да яе далучыліся больш за 60 гарадоў Харватыі.
“Горад, дабразычлівы да дзяцей” — не мадэль ідэальнага горада і не проста званне, якое выдаецца за высокія дасягненні. Удзел у гэтай ініцыятыве значыць пастаянны клопат пра дзяцей, імкненне ўдасканальваць іх жыццё ў гарадах. Можна сказаць, што гэта ініцыятыва — новы погляд на тое, якім павінен быць сучасны горад. Звычайна рытм жыцця ў ім задаюць горадастваральныя прадпрыемствы. Дарослыя плануюць і будуюць гарады сыходзячы са свайго светаўспрыяцця і разумення. І да нядаўняга часу ніхто не пытаўся ў дзяцей, якім бы яны бачылі жыццё ў родным горадзе.
Але цяпер, дзякуючы ініцыятыве “Горада, дабразычлівага да дзяцей” у хлопчыкаў і дзяўчатак ёсць рэальны шанец быць пачутымі. Бо, у адрозненні ад іншых сацыяльных праграм, абавязковай умовай гэтай з’яўляецца ўдзел саміх дзяцей і моладзі ў прыняцці рашэнняў, якія датычаць іх інтарэсаў, у распрацоўцы ўласных праграм і іх здзяйсненні.
Усе справы ў “Горадзе, дабразычлівым да дзяцей” грунтуюцца на Правах дзіцяці. А гэта і права дыхаць чыстым паветрам, і права жыць у шчаслівых сем’ях, і права бяспечна гуляць на вуліцы… Пагадзіцеся, калі імкнуцца да забеспячэння гэтых правоў, дабрабыт і дзяцей, і дарослых неадменна павысіцца.
На нашай карце пазначаны гарады Беларусі, куды ўжо прыйшла ініцыятыва “Горад, дабразычлівы да дзяцей”. Паўсюль — розныя праграмы, якія нарадзіліся ў выніку супрацоўніцтва дзяцей і дарослых і разам здзяйсняюцца імі. Праграмы не падобная адна на другую, бо складаюцца з жаданняў і магчымасцяў кожнага горада.
У гэтым годзе ў чытачоў “Вясёлкі” з’явілася ўнікальная магчымасць: на працягу года знаёміцца з жыццём беларускіх гарадоў, якія ўзялі за мэту стаць дабразычлівымі да дзяцей. У сваю чаргу, сябры, у кожнага з вас ёсць шанец пераняць іх вопыт і далучыць свой родны горад да гэтай ініцыятывы.