Крышку пра кніжку
Крышку пра кніжку
Добры падарунак дзецям – новы зборнік вершаў Сяргея Панізніка “Літары ў расе”. Разам з аўтарам чытачы наведаюць Мінск і Нясвіж, Наваградак, Полацк і Тураў, праплывуць па Свіслачы і Дзвіне, пабываюць у замежных гарадах, даведаюцца, ці ёсць жыццё на Марсе. А яшчэ, пэўна ж, зацікавяцца мінулым свайго роду, сваёй сям’і – і адкрыюць слаўныя імёны продкаў, блізкіх і далёкіх. З радаводным дрэвам умацуецца сувязь пакаленняў, “кожны стане – крэўным, каб карэнні не забыць, крону звонкую любіць”.
У вершах Сяргея Панізніка шмат сонца і блакіту, вясёлкавых колераў. Запамінаюцца мастацкімі вобразамі, настройваюць на адпаведны лад вершы сур’ёзныя і вершы з усмешкай, дасціпныя, як байкі. Ашчадна і дбала, як бурштын, шліфуецца ў радках кожнае слова.
Сяргей Панізнік аздобіў кніжку “Літары ў расе” сваім фотаздымкамі і малюнкамі.
Мікола Маляўка