Як назваць дзіця?
Скажы мне, калі ты нарадзіўся, і я скажу, што цябе чакае ў жыцці. Нядаўна і навукоўцы выявілі, што вельмі шмат што звязана з месяцам нараджэння — схільнасць да лішняй вагі, будзе дзіця аптымістам або песімістам і нават колькі ў яго будзе дзяцей. Вясновыя дзеці, напрыклад, самыя хваравітыя, а летнія — самыя шчаслівыя.
Паводле даследаванняў, ад месяца нараджэння залежыць нават тое, ці будзе ў чалавека шмат дзяцей, стане ён баязлівым або адважным, худым або поўным, высокім ці нізкім. Тое, як дата нараджэння ўплывае на далейшае жыццё чалавека, на схільнасць да шэрагу захворванняў, на рысы характару, моцныя і слабыя бакі, тлумачыцца цалкам матэрыялістычным фактарамі. Падчас цяжарнасці і першых месяцаў жыцця ў залежнасці ад часу года на нас па-рознаму ўплывае навакольнае асяроддзе — надвор’е, харчаванне, сезонныя інфекцыі. Вядома, аптымальнага месяца нараджэння не існуе, у кожнага ёсць свае плюсы і мінусы, кожны павышае ўстойлівасць да адных негатыўных рэчаў, але знаходзіцца ў групе рызыкі па іншых. Калі ведаць пра асаблівасці даты нараджэння, можна паспяхова карэктаваць лад жыцця і падстрахавацца ад непрыемнасцяў.
Медыкі, сацыёлагі і псіхолагі правялі даследаванні і апісалі, якія рызыкі чакаюць дзяцей, якія нарадзіліся вясной, а астролагі прапануюць правераны стагоддзямі спосаб застрахавацца ад небяспек — даць дзіцяці правільнае імя. Навукоўцы згодныя: імя, як набор гукаў, сапраўды аказвае пэўнае ўздзеянне на носьбіта.
Сваё імя мы чуем з першых да апошніх дзён жыцця так часта, як ніводнае іншае слова. Набор гукаў рознай вышыні ўзбуджае асобныя ўчасткі мозгу — такім чынам і фармуецца ўздзеянне на носьбіта і навакольных. Вучоныя не адмаўляюць таго, што імя аказвае пэўны ўплыў на развіццё асобы.
Ваша малое нарадзілася ў сакавіку
Людзі, якія нарадзіліся вясной, таленавітыя, адчувальныя, гнуткія і вельмі схільныя да розных уплываў збоку. Шатландскія медыкі звярнулі ўвагу, што ахвярамі моды часта становяцца менавіта дзяўчынкі, народжаныя ўвесну, рызыка з’яўлення анарэксіі ў іх на 15 працэнтаў вышэйшая, чым у астатніх. Пагражае дзецям вясны і дэпрэсія, а як вынік — высокі ўзровень самагубстваў (плюс 17 працэнтаў да стандартнага). Усе гэтыя звесткі пацверджаны навукоўцамі з розных краін, даследаванні праводзіліся ў Еўропе і Амерыцы.
А ўся справа ў нерашучасці і ранімасці. Як бы шчодра вясна не надарыла дзяцей творчымі здольнасцямі, яны не валодаюць байцоўскімі якасцямі, кожная няўдача, нават дробная, можа спыніць іх рух да мэты. Многім, народжаным вясной, прасцей памяняць мэту, чым паспрабаваць пераадолець перашкоды.
Тыя, хто нарадзіўся вясной, наўрад ці вырастуць лідарамі і павядуць людзей за сабой, палітычная кар’ера і адказныя пасады для іх хутчэй выключэнне, чым правіла. Затое дзеці вясны могуць пахваліцца ранімай, тонкай душой, уменнем выслухаць і зразумець навакольных, асцярожнасцю, удумлівасцю, выдатным пачуццём гумару і моцнай памяццю. Заўважана, што ў сямейным жыцці вясновыя людзі звычайна бываюць шчаслівыя, паколькі знаходзяць каханага і закаханага партнёра, не разменьваючыся на мімалётныя сувязі.
Як назваць дзіця ў сакавіку?
Для таго каб абараніць дзіця, якое з’явілася на свет у сакавіку, кампенсаваць яго слабасць, астролагі рэкамендуюць выбраць цвёрдае, жорсткае імя, якое падтрымае ўразлівую нервовую сістэму і псіхіку. Пад уздзеяннем імёнаў, якія гучаць цвёрда — такіх, як Ігар, Зміцер, Дар’я, Жанна, у характары дзяцей сфарміруецца настойлівасць, якой так нестае, рашучасць і самастойнасць. Асабліва гэта важна для хлопчыкаў, бо, як правіла, вясновыя дзеці маюць разумныя думкі па многіх пытаннях, але не адважваюцца іх выказваць, асабліва ў кампаніі, не хочуць спрачацца, згаджаюцца на ролю вядзёных, паддаюцца на ліслівасць. Ім не хапае ўпартасці, але менавіта з сакавіцкіх мужчын атрымліваюцца самыя лепшыя прамоўцы, выкладчыкі і дыпламаты.
Імёны для вясновых хлопчыкаў: Данііл (Даніла), Фёдар, Макар, Георгій, Аляксандр, Іван, Тарас, Рыгор, Раман, Аркадзь, Кірыл, Марк, Анатоль, Ігар, Зміцер, Ягор.
Найбольш прыдатныя для сакавіка: Кірыл, Данііл, Рыгор.
Імёны для вясновых дзяўчынак: Мар’яна, Рэгіна, Марына, Маргарыта, Ульяна, Галіна, Крысціна, Кіра, Жанна, Дар’я.
Найбольш прыдатныя для сакавіка: Дар’я, Кіра, Марына.
Чым мякчэй гучыць імя па бацьку, тым больш жорсткім павінна быць гучанне імя, тым больш калі дзіця нарадзілася вясной. Да мяккіх імёнаў па бацьку астролагі адносяць: Міхайлавіч, Ільіч, Пятровіч, Віктаравіч, Ігнацьевіч — іх трэба кампенсаваць «цвёрдымі» імёнамі. Калі імя па бацьку адносіцца да «жорсткіх» — Дзмітрыевіч, Ігаравіч, Расціслававіч, Альбертавіч — тады імя можа быць і нейтральным.
Як праверыць выбранае імя?
Каб не наймаць астролага на праверку кожнага сімпатычнага вам імя, існуе спецыяльная праграма ВААЛ-міні. ВААЛ-міні дазваляе даведацца аб эфекце ўздзеяння слоў (у прыватнасці, імёнаў і імёнаў па бацьку) на людзей, аналізаваць інфармацыю з пункту гледжання такога ўздзеяння, праводзіць паглыблены аналіз слоў і словазлучэнняў і многае іншае. Што радуе — праграму можна спампаваць бясплатна і спецыяльных ведаў яна не патрабуе — проста ўводзьце імя і праглядайце яго разбор. Тое ж самае можна прарабіць і з поўным словазлучэннем: прозвішча — імя — імя па бацьку. Калі і прозвішча, і імя па бацьку гучаць занадта мякка, то варта задумацца аб вельмі цвёрдым імені, магчыма, аб падвойным.
Зоя Максімава, газета «Звязда»