Зайка і яблыня
Жыў-быў у лесе Зайка. З вясны да восені не меў ён ніякіх турбот. Ежы навокал хапала. Там травінку сашчыкне, там – лісток з маладой бярозкі.
Але за вясной, летам і восенню наступала сцюжная зіма. Холаду Зайка не баяўся: футра ў яго цёплае. Ён нават памяняў сваю лёгкую шэрую апранатку на белы кажушок. Больш за ўсё Зайка не любіў снег. На ім і сляды застаюцца, па якіх яго могуць знайсці драпежны звер альбо паляўнічы, ды і да травяністага корму не дабрацца. І вымушаны тады Зайка карміцца карой асінак. Аднак яна горкая і не дужа смачная. Нашмат смачнейшая кара яблынек. Толькі дзе ты знойдзеш іх сярод лесу!
Іншая справа – вясковы сад. Вось толькі яблыні ў ім старыя, з цвёрдай парэпанай карой – не дужа ўгрызнеш сваімі зубкамі. Але гэта было летась.
Калі ж згаладалы Зайка зазірнуў у сад сёлета, то аж заскакаў ад радасці: узбоч старых дрэў роўнымі радочкамі разбягаліся пасаджаныя увосень маладыя яблынькі.
І пачаў ён з тае пары штодня наведвацца ў вёску. Удзень, праўда, пабойваўся, а вось адвячоркам, калі сцямнее, ці зусім уначы – самы раз.
Прыбег і ў гэтую лютаўскую ноч. Аднак не паспеў крануць смачную кару, як з двара расчынілася брамка, і ў сад выйшаў гаспадар. У руках мужчыны быў ліхтарык. Святлом асляпіла Зайку. Сігануў туды-сюды, не ведаючы, дзе ўратавацца.
І тут пачуў старэчы голас:
— Не мітусіся. Лепш хавайся за мяне.
Спачатку Зайка не зразумеў, хто гаворыць. Уцяміў хіба што, калі ўбачыў перад сабой тоўстую Яблыню. Сігануў за яе ствол, прысеў.
— Дзякуй, добрая Яблыня, — вымавіў дрыжачым голасам.
— Не мне ты павінен дзякаваць, а сваім далёкім продкам. Гэта яны не бегалі грызці маю кару ў сад.
— Я таксама ніколі не грыз тваю кару, — апраўдваўся Зайка.
— Дзе ж ты яе ўгрызеш, калі яна старая! – развяла, нібыта рукі, голле Яблыня. – Затое ты крыўдзіш маіх дзетак. Каб так паступалі твае продкі, даўно б засохла і не стала я старой цёткай Яблыняй, і ты не змог бы схавацца зараз за мой ствол.
Зайка хацеў сказаць, што больш не будзе так рабіць, аднак слёзы закапалі з яго вачэй раней, чым паспеў вымавіць хоць бы слова, і ён прамаўчаў. Толькі Яблыня і без слоў зразумела Зайку. Як зразумеў усё і ён сам.
Анатоль ЗЭКАЎ