Салёны чай
У нядзелю мама спякла яблычны пірог. Ён вельмі смачны з чаем, і я прапанавала:
– Мама, я завару свежы чай.
– Дзякуй, дачушка, – адказала мама. – Я ўжо заварыла. А ты насып у кубачкі цукру.
Мама выйшла з кухні, а я прынялася за работу. Праз некалькі хвілін усё было гатова, і я паклікала маму, тату і сястрычку Юлю да стала.
Пірог ажно ў роце раставаў, мяккі, духмяны. Усе хвалілі маму. Але вось тата прыгубіў чаю з кубачка і зморшчыўся. Мама з Юляй таксама зморшчыліся і здзіўлена паглядзелі на мяне. Нічога не разумеючы, я ўзяла свой кубачак, зрабіла глыток – і адчула дзіўны прысмак на вуснах. Толькі зараз здагадалася, што замест цукру насыпала ў чай солі. Пачырванеўшы, я апусціла галаву і гатова была заплакаць. Але ніхто не сердаваў. Мама ўсміхалася і гладзіла мяне па галаве. А тата з Юляй весела рагаталі з маёй прамашкі.
Смяялася і я, гледзячы на кубачкі з салёным чаем.
Маргарыта МАРКЕВІЧ.
г. Свіслач,
гімназія № 1 імя К. Каліноўскага.