Як кот грыбы збіраў
Галіна Васілеўская
Як кот грыбы збіраў
Быль
Кузю мне падарыла сяброўка. У коціка быў белы гальштучак і белыя лапкі. Сам жа акуратны і надзіва сімпатычны. Не ведала сяброўка, што ён яшчэ і вельмі кемлівы.
Калі коцік падрос, то спаў толькі ў маім пакоі, на маім ложку. Калі ён уладкоўваўся на маіх нагах, яны адразу ж пераставалі балець.
Потым я заўважыла, што Кузя ўвесь час за мной назірае. Нібы нечаму вучыцца ў мяне. Першы раз я гэта заўважыла, калі ён самастойна адчыніў дзверы ў мой пакой. Я пайшла да сябе і механічна зачыніла дзверы. Чую, Кузя за дзвярыма стаў мяўкаць. Потым падскочыў і пярэднімі лапамі павіс на дзвярной ручцы. Дзверы адчыніліся. Кузя ўвайшоў і спакойна лёг на мае ногі.
У маім пакоі ля ложка стаіць таршэр. Ад лямпачак звісае шнурок. Пацягну яго ўніз – лямпачкі запальваюцца. Пацягну другі раз – гаснуць. Аднойчы ўдзень кот сеў на табурэт, на якім стаіць хатні тэлефон, і дзвюмя пярэднімі лапамі стаў шморгаць за шнурок. Запаліць святло, потым пагасіць. Запаліць – пагасіць. Такая гульня яму вельмі падабалася.
Летам мы жылі на дачы ля самага лесу. Кузя сядзеў побач і глядзеў, што я раблю. Нават нюхаў тыя грыбы, якія я клала ў міску. Потым пайшоў за мной у лес. Абагнаў і патрусіў наперадзе. Калі бачыў грыб – садзіўся ля яго і клікаў мяне. Мяўкаў. Чакаў, каб падышла і зрэзала грыб. Так было некалькі разоў. Потым, відаць, яму надакучыла чакаць мяне, і Кузя пачаў сам выцягваць грыбы з зямлі і ў зубах несці мне ў кошык. Ні разу не памыліўся, не сарваў паганца. Прыносіў толькі такія, якія збірала я.
Былі ў Кузі і любімыя грыбы – падасінавікі. Калі ён бачыў здалёк чырвоны капялюш, то куляй імчаўся туды, асцярожна браў у зубы ножку грыба, выцягваў з зямлі і нёс мне.
Потым Кузя знайшоў у лесе невялічкую палянку, на якой густа раслі тоўсценькія лісічкі. Насіць па адной не стаў. Прыбег да мяне, схапіў за калашыну і пацягнуў за сабой. Я ледзь паспявала за катом. Між дрэў убачыла шмат лісічак. Нарэзала цэлы кошык.
А аднойчы ў лесе прапаў мой Кузя. Клікала, клікала – цішыня ў адказ. Пачала ўсур’ёз хвалявацца. Іду міма старой, вялізнай, разлапістай елкі і раптам бачу: высоўваецца з-пад яе знаёмы чорны пушысты хвост, задраны кверху. Я спынілася, чакаю, што гэта кот мой цягне задам. Аказваецца, вялізны-вялізны баравік. Чысценькі, ніводнай чарвіначкі. Такога прыгажуна я за жыццё сваё не бачыла. Хваліла коціка, а ён сядзеў такі задаволены, нібы разумеў, які цуд выцягнуў з-пад елкі.
Віншуем з юбілеем! У гэтым месяцы Галіне Васілеўскай споўнілася 85 гадоў, Яўгену Хвалею – 65. Жадаем пісьменнікам, даўнім сябрам “Вясёлкі”, здароўя, новых цікавых твораў для дзяцей і дарослых.