Дзяльба
Суббота, 4.02.2012 19:01. Рубрика: Вершы
Мы не хныкалі, не нылі,
Не пабеглі на каток:
Працу ў доме
Мы дзялілі,
І яе дзяліў Змітрок.
Дашы, меншанькай сястры,
Ён сказаў:
– Ты стол пратры,
Прыбяры ў кутку сваім, –
Чорт зламае ногі ў ім!
Юля, ложкі засцялі,
Каб як лялечкі былі.
Ты, Юрась, памый пасуду,
Не аднеквайся: “Не буду”.
Мне сказаў:
– А ты, Антось,
Дома ўсё прапыласось.
Ён на нас, на чацвярых,
Падзяліў работу ўміг.
З брата ў гэтую хвіліну
Захацелася пакпіць:
– Што ж сабе, браток, пакінуў:
Што ж ты будзеш
Сам рабіць?
Брат, разгублены, сумеўся,
Ды знайшоўся, што сказаць:
– Ты не цвелься,
Ты не смейся, –
Буду вам дапамагаць!
Мікола Чарняўскі