Прыгоды мышкі Пік-Пік
Людміла Рублеўская. «Прыгоды мышкі Пік-Пік».
Казкі. «Мастацкая літаратура», 2011.
У дзіцячай літаратуры мусіць арганічна спалучацца нешта знаёмае і нешта новае, бо, як сцвярджаюць даследчыкі, няма публікі, кансерватыўнейшай за бацькоў, якім здаецца, што дзеці мусяць выхоўвацца на лепшых кнігах, а гэта, як вядома, тыя кнігі, на якіх гадаваліся самі бацькі. А дзецям хочацца знаёмых рэалій (хіба мы ўмелі ў 10 месяцаў карыстацца пультам ад тэлевізара і «поўзаць» па клавіятуры ноўтбука?).
І мышка Пік-Пік Людмілы Рублеўскай у нетрах бацькоўскай памяці актывізуе ўспаміны пра мышаня Пік Віталя Біянкі. І вось «нешта знаёмае» дае дазвол на набыццё кнігі пра нешта новае, пра мышаня, якое існуе ў гарадскіх умовах (дакладней, тут важнае не столькі месца жыхарства, колькі рэаліі, актуальныя, зрэшты, і для сучаснай вёскі — дачыненні мышаняці з тэлевізарам ці халадзільнікам). Зрэшты, тэхнічныя аб’екты, ровар, бізнэс і казіно, макіяж і фарбаванне мышынай поўсці насамрэч толькі фон для больш істотных момантаў.
Мышка Пік-Пік жыве побач з сям’ёй, дзе ёсць Мама, Тата і двое дзяцей, Вераніка і Максім (дзеці, дарэчы, — цёзкі дзяцей Людмілы Рублеўскай, што наводзіць на думку пра самую надзейную апрабацыю твора — ва ўласнай сям’і). Мышаня дзівіцца відавочным рэчам, мышаня палохаецца нястрашнага, мышаня спрабуе дзейнічаць, але не засмучаецца, калі не атрымліваецца. І малы слухач ці чытач (а кніга разлічана на малодшы школьны ўзрост) праз увесь час пачуваецца ўпэўнена і на вышыні: гаворка ідзе пра вядомае і зразумелае, сюжэты казак то будуюцца без сюрпрызаў, калі чытач папярэджаны пра тое, што мышка насамрэч не атруцілася, то наструньваюцца небяспекай, калі мышаня ледзь не згубілася ці калі за ім ганяецца навуковец-біёлаг. Мышаня выяўляе тую наіўную хітрасць, якую дарослыя называюць дзіцячай.
Кніга складаецца з кароткіх казак (нібыта для чытання штодня перад сном), кожная з якіх пры патрэбе паддаецца пераробцы пад рэаліі іншай сям’і: дастаткова памяняць імёны, а ўсё астатняе здараецца ў кожным доме — пошукі каштанаў, паходы ў тэатр, дні нараджэння…
Аксана БЯЗЛЕПКІНА
Крыніца: «Звязда»