Крышку пра кніжку
Раіса Баравікова. «Казкі астранаўта: касмічныя падарожжы беларусаў». Казкі. «Літаратура і мастацтва»,2011.
Фантастычныя версіі чалавечай будучыні звычайна наднацыянальныя: аўтараў і чытачоў захапляюць новыя тэхнічныя магчымасці і парадаксальныя спосабы пабудовы грамадства. Кніга Раісы Баравіковай — гэта чарговая спроба зрабіць фантастыку нацыянальнай. Скразны герой усіх твораў біёлаг Сымон — член беларускага экіпажа астранаўтаў, а касмадром знаходзіцца пад Раўбічамі.
У кнізе пра космас адной з галоўных каштоўнасцяў з’яўляецца Беларусь і ўсё, звязанае з ёй: на чужых планетах героі, калі выпадае момант, сумуюць не па планеце Зямля, а па беларускай прыродзе, у творах ёсць сюжэтныя лініі, завязаныя на наяўнасці і значэнні льну і бульбы. Магчыма, для дарослых чытачоў гэтыя эпізоды будуць мець пэўны камічны эфект, але дзяцей захопіць займальнасць сюжэта, бо беларускасць у тэксце не навязваецца, а проста падкрэсліваецца, прысутнічае.
Успрыманне тэкстаў будзе залежаць яшчэ і ад таго, наколькі чытач прыме правілы гульні: у кнізе ёсць элементы не толькі нацыянальнага, але і экалагічнага выхавання. Раіса Баравікова прапанавала новыя міфы: у казках, якія пачынаюць кнігу, фантастычным і пераканаўчым чынам тлумачыцца касмічнае паходжанне некаторых раслін і насякомых.
Агульнае ўражанне ад кнігі працуе на фарміраванне даверу да свету ці нават да космасу: беларускі экіпаж астранаўтаў жыве ў суладнасці з Сусветам і яго насельнікамі, большасць гуманоідаў з розных планет камунікуе з людзьмі без канфліктаў, а асноўную небяспеку складаюць прыродныя ўмовы планет (віхуры ў атмасферы ці вывяржэнні вулканаў), паясы астэроідаў, уздзеянне свяціл. Дынаміка ў творах грунтуецца не на ваяўнічых сутычках, а на эўрыстыцы: героі адкрываюць для сябе новыя планеты з прынцыпова іншым прыродным уладкаваннем. Спакойныя, вытрыманыя беларускія астранаўты з разуменнем прымаюць любыя дзівосы, любы выгляд мясцовага насельніцтва: героі-беларусы паважаюць сябе і сваю гісторыю, а гэта дапамагае ім паважаць іншых.
Крыніца: «Звязда»
Вядучая рубрыкі Аксана БЯЗЛЕПКІНА
я всегда с таким удовольствием рассматриваю эти красиво оформленные детские книги,но,простите,мне жалко отдавать такие большие деньги. что примечательно:детская литература тех же российских изданий стоит порой дешевле отечественной(((